Падазраваны ў падпале помніка Ельцыну будзе дэпартаваны ў Беларусь
Актывіст незарэгістраванай партыі «Другая Россия» Ігар Шчука, які падазраецца ў спробе падпаліць помнік Барысу Ельцыну ў Екацярынбургу, будзе дэпартаваны з Расіі на радзіму ў Беларусь па рашэнні міравога суддзі.
Пра гэта паведамляе РІА Навіны са спасылкай на прадстаўніка Верх-Ісецкага раённага суда, піша novayagazeta.ru.
9 лістапада Шчуку было прызначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 2 тысяч рублёў і адміністрацыйнай дэпартацыі з Расіі за парушэнне рэжыму знаходжання на тэрыторыі краіны.
Як распавёў кіраўнік прэс-службы ГУ МУС па Свярдлоўскай вобласці Валерый Гарэлых, Шчука незаконна жыў у Расіі з ліпеня 2015 года.
«Мужчына змешчаны ў цэнтр утрымання замежных грамадзян, куды з тэрытарыяльнага АУС у бліжэйшы час будзе накіраваны ліст аб тым, што ён знаходзіцца пад следствам па артыкуле "вандалізм". Плануецца, што да суда ён прабудзе ў гэтай установе», — паведаміў Гарэлых.
Нагадаем, што 7 лістапада Шчуку затрымалі каля помніка Ельцыну. У інтэрнэце сталі з'яўляцца выявы палаючага помніка, аднак неўзабаве высветлілася, што агонь прымалявалі да выявы ў фоташопе.
У дачыненні да Шчукі была ўзбуджаная справа па артыкуле аб вандалізме.
Суд адмовіўся адпраўляць яго пад арышт, адпусціўшы пад падпіску аб нявыездзе. Затым на актывіста склалі пратакол аб парушэнні ўмоваў знаходжання ў Расіі.
У 2009 годзе суд прыгаварыў Шчупака да 10 месяцаў пазбаўлення волі за ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі і абразу прадстаўніка ўлады. Праваахоўныя органы завялі крымінальную справу пасля выяўлення ўлётак з абразлівымі выказваннямі ў адрас Дзмітрыя Мядзведзева і Уладзіміра Пуціна. «Мемарыял» прызнаў Шчуку палітвязням.
30-гадовы Ігар Шчука родам з Салігорску. Раней у Беларусі супраць Шчукі распачалі крымінальную справу за ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншай дзяржавы — ён ваяваў на Данбасе на баку прарасійскіх баевікоў. Шчука раней казаў, што збіраецца адмовіцца ад беларускага грамадзянства, але ці зрабіў ён гэта, невядома.