Лябедзька: Расія актывізуе свой уплыў на Беларусь

Расія "стала праводзіць больш мерапрыемстваў для тых, хто падтрымлівае рускі свет", а ЕС скарачае падтрымку грамадскіх праграм у Беларусі.

1498647589_lebedko_online_01.jpg


Сёння не Еўрапейскі саюз, а Расія актывізуе свае праграмы ўплыву на Беларусь, заявіў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька 10 лістапада ў Вільнюсе на кансультацыях з дэпутатамі літоўскага сейма.
Паводле яго слоў, Расія "стала праводзіць больш мерапрыемстваў для тых, хто падтрымлівае рускі свет", працягваецца яе медыйная прысутнасць у краіне праз тэлеканалы, якія вяшчаюць у Беларусі.
З іншага боку, адзначыў палітык, Еўрасаюз скарачае падтрымку грамадскіх праграм у Беларусі. Галоўным грантаатрымальнікам, паводле яго слоў, апошнім часам "становіцца ўлада". Падтрымка з боку ЕС ідзе нават на судовую сістэму, якой "у Беларусі проста няма", падкрэсліў Лябедзька.
Паводле яго слоў, улады Беларусі і ЕС нават сталі ствараць "фэйкавыя дыялогавыя пляцоўкі". "Патрэбны актуальны парадак дня, які вядзе да рэальных перамен, а не іх імітацыі", — падкрэсліў лідар АГП.
У кансультацыях з дэпутатамі сейма таксама ўдзельнічаюць лідар руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Дзяніс Садоўскі, генеральны сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мечаслаў Грыб, намеснікі старшыняў Беларускай партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук і Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Валерый Ухналёў.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН