Па даносе адменены канцэрт памяці ахвяр Халакосту. Цяпер улады анансуюць свой канцэрт
З 2018 года ў Мінску і іншых гарадах Беларусі штогод праводзілі канцэрты памяці ахвяраў Халакосту. Але сёлета канцэрт «Жоўтыя зоркі» ў мінскай філармоніі адмянілі. Нагодай стаў данос, піша «Наша Ніва».
Нехта Іван Нікіфараў паскардзіўся ў Міністэрства культуры, што на канцэрце выступаюць «апазіцыйныя» артысты, а грошы, атрыманыя ад продажу білетаў, перадавалі Гродзенскаму дзіцячаму хоспісу, які неабыякавы грамадзянін таксама лічыць апазіцыйным.
Адмена канцэрта выклікала незадаволенасць у дыпламатычных колах Ізраіля, які прызнае Лукашэнку і ў адрозненне ад заходніх краінаў нават вядзе з ім перамовы. І вось цяпер улады запускаюць свой канцэрт памяці ахвяр Халакосту.
Канцэрт
«Жоўтыя зоркі» быў запланаваны на 20 і 22 студзеня, на яго быў запрошаны
дырыжор з Аўстрыі, мелася выконвацца 13-я сімфонія Дзмітрыя Шастаковіча «Бабін
Яр». Арганізатарка канцэртаў Ганна Лянькова — унучка «праведнікаў народаў
свету». Гэтае званне Ізраіль надае тым, хто ў Другую сусветную вайну ратаваў
габрэяў.
Альтэрнатыўны
канцэрт адбудзецца ў філармоніі 27 студзеня. Удзел бярэ Дзяржаўны акадэмічны
сімфанічны аркестр, харавая капэла імя Рыгора Шырмы, Дзяржаўны камерны аркестр,
хор Белтэлерадыёкампаніі.
У праграме творы Шастаковіча (у тым ліку сімфонія «Бабін яр»), Вердзі, Блоха, Бронера, Бруха. Кошт білетаў, незалежна ад месца ў вялікай зале, — 10 рублёў. На момант публікацыі выкупілі менш за дзесяць шэрагаў. Куды пойдуць грошы ад продажу білетаў, на сайце філармоніі не ўдакладняецца.