Новы метад ціску на берасцейскіх актывістаў

На берасцейскіх грамадскіх актывістаў Андрэя і Паліну Шарэндаў супрацоўнікі спецорганаў вынайшлі новы метад ціску — праз 6-гадовага сына.

Ім нечакана патэлефанавала псіхолаг з 25-й школы, і жанчына з аддзела адукацыі і сказалі, што ім патрэбна паглядзець умовы пражывання іх сына.

Але Андрэй і Паліна ў катэгарычнай форме ім адмовілі, кажа Паліна:

— Яна запыталася, чаму гэта намі КДБ цікавіцца. Прызналася, што гэта КДБ, што далі загад праверыць нас. Мы ж не алкаголікі, на ўліку не стаім. Я адразу сказала, што гэта звязана з палітыкай, што іх прыход мы будзем расцэньваць як ціск, а ўсю інфармацыю будзем пераказваць СМІ.

Паводле Паліны Шарэнда-Панасюк, нядаўна рабілі спробу выклікаць іх у пракуратуру  па “пытанні прад’яўлення іска пра спагнанне шкоды юрыдычнай асобе”. Яе муж за апошнія паўгода тройчы быў затрыманы: двойчы праваахоўнымі органамі і адзін раз на беларускай мяжы, дзе ў яго былі канфіскаваны 7 сцягоў Еўразвязу.

Беларускае Радыё Рацыя