Някляеў: "Цітушкі — найбольшая небяспека ў выпадку магчымай Плошчы-2015"
Найбольшая небяспека для ўдзельнікаў магчымых вулічных пратэстаў пасля прэзідэнцкай кампаніі гэтага года заключаецца ў тым, што ім будуць супрацьстаяць «цітушкі», перакананы лідэр стваранага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзімір Някляеў.
«Найбольшая небяспека класічнай Плошчы, якую мы маем на ўвазе, — «цітушкі», — сказаў Някляеў. — Казакоў-разбойнікаў тут хопіць. У кожнай праваслаўнай царквы на сённяшні дзень ёсць ваенна-патрыятычныя клубы, у якіх рыхтуюць да таго, што мы павінны жыць у «рускай свеце», а тут, маўляў, сабраліся гэтыя нацыяналісты, пятая калона, іх трэба знішчаць».
«Гэтых людзей збяруць і кінуць на тых людзей, якія прыйдуць дамагацца справядлівых і сумленных выбараў. І тады АМАП з дубінкамі кінецца нас «абараняць». У гэтым найбольшая небяспека», — цытуе Някляева БелаПАН.
Тэрмін «цітушкі» з'явіўся вясной 2013 года ў Украіне для абазначэння маладых людзей спартовага целаскладу ў цывільным адзенні, якіх улады выкарысталі для арганізацыі боек, сілавых акцый і іншых правакацыйных дзеянняў на пратэстных акцыях апазіцыі.