«Ні разу не пашкадаваў» — праз 16 год у ЗША беларус вярнуўся ў Мінск

«Мяне ўвесь час пытаюць, навошта я вярнуўся, — кажа 31-гадовы Аляксей Жадзееў, які два гады таму пераехаў з Бостана ў Беларусь, дзе нарадзіўся і жыў да 13 год. — А я кажу: добра там, дзе я».



bd641561_5ee6_409e_ab52_27aa30cd2832_w640_r1_s.jpg

Чаму вярнуўся, чым Менск лепшы за Бостан і чаму беларусы не сябруюць без карысці — "Радыё Свабода" пагутарыла з вяртанцам.

Я нарадзіўся ў Менску. Мой бацька быў праграмістам і атрымаў працу ў Бостане. Праз паўгода мы з маці і дзвюма сёстрамі пераехалі да яго ў Норвуд — прыгарад Бостана.

gdb.rferl.org__2a94a05f_139e_4_123f1113702db93a62dd93015aa272d8.jpeg

За 16 год Аляксей толькі пару разоў прыяжджаў у Беларусь

Я знайшоў на мапе Бостан і вызначыў, што гэта цёплы поўдзень. За тыдзень да ад’езду зляпіў снегавіка. Думаў, гэта будзе апошні снег у маім жыцці.

Але ў штаце Масачусетс снегу хапала. Узімку там вельмі халодныя вятры і завірухі. Калі дзьме з акіяну і тэмпература ўсяго мінус 7 градусаў, адчуванне, як у нас у мінус 20.

У амерыканскай школе па прыездзе мне было вучыцца лёгка. Ангельскую я ведаў, бо вучыўся ў Менску ў школе з моўным ухілам. А сама праграма для мяне была залёгкая. Напэўна, трэба было ісці ў класу, вышэйшую на адзін год. Таму першыя паўтара года я ўвогуле амаль нічога не рабіў: хатняе заданне мог зрабіць яшчэ на ўроку.

І хоць потым пачаліся складанасці — у амерыканскай школе вывучаюць матаналіз, статыстыку — у старэйшых класах я звычайна быў у «прасунутых» (па ўзроўнях класы падзяляюцца на стандартны, каледжаўскі і прасунуты — advanced). Некаторыя курсы са школы мне потым нават залічылі як ўніверсітэцкія, што дазволіла зэканоміць грошай на вучобе.

Гэта ў Беларусі 30% студэнтаў ВНУ — бюджэтнікі. У Амерыцы такіх 1%. Так, ёсць стыпендыі, якія цалкам ці часткова пакрываюць праграму навучання, але ўсё адно давядзецца плаціць. Асабліва за прыватныя ВНУ. А мой штат з гэтага жыве, і адукацыя там вельмі дарагая.

Мой бацька — праграміст, і ягоны заробак быў вышэйшы за сярэдні ў ЗША. Але ж на ўзбярэжжы людзі лепш жывуць, і па мерках узбярэжжа мы жылі небагата. Бацькі не маглі мне даць ні капейкі.

gdb.rferl.org__bbe25f3d_dc59_4_06d6528bab11621a314f32e3f7e5a421.jpeg

У школе было проста вучыцца толькі першыя паўтара года

Таму я працаваў. Як і большасць амерыканскіх школьнікаў, пачаў у 16 год. Пачынаў касірам у краме. Нейкі час быў адначасова на дзвюх працах: ратавальнікам на пляжы і менеджэрам у краме продажу тэлефонаў.

У гэты час я набыў сваю першую машыну. Калі быць больш дакладным, першую машыну мне набылі бацькі. Яны купіліся на мае падлеткавыя трызненні. Маўляў, я не паспяваю са школы на трэніроўкі. Але я загубіў яе за тры месяцы. Мне тады было 17 год.

На наступны год я назбіраў на «міцубісі экліпс». Каб набыць гэтую спартовую машыну, працаваў цэлае лета па 80 гадзін на тыдзень. Для іміджу гэта было няблага, але на кішэні дрэнна адбілася. На гэтай машыне я назбіраў вельмі шмат штрафаў за перавышэнне хуткасці.

Але і тады, і цяпер кіраваў я не вельмі добра. Таму за стырно, асабліва ў Менску, сядаю рэдка: тут цябе ўвесь час падразаюць на дарогах.

Вучыўся я ў Паўночна-Усходнім універсітэце (Northeastern Universіty) на спецыяльнасці «Міжнародны бізнес і фінансы». Гэта не Гарвард, аднак універсітэт уваходзіць у 50 лепшых у Амерыцы — з агульнага ліку 10 тысяч. Ён прыватны, і вучыцца там нашмат даражэй, чым у дзяржаўным. У ЗША праводзіцца маркетынгавая кампанія, скіраваная на падлеткаў: абітурыентам кажуць, што чым больш прэстыжная ВНУ будзе ў цябе, тым большы будзеш мець заробак пасля вучобы, будзеш мець больш магчымасцяў. Я пайшоў у іх на павадку, хоць можна было б выбраць і таннейшы ўніверсітэт.

gdb.rferl.org__325bfaf5_2761_4_88b89781a97ced3b610bc3ec0245527c.jpeg

Толькі са сваёй кішэні Аляксей заплаціў за навучанне ва ўніверсітэце 20 тысяч даляраў

Каб зразумець, наколькі дарагая адукацыя ў ЗША, я скажу, што адны падручнікі мне каштавалі 300–400 даляраў кожны семестр. Плюс — кошт навучання, пражывання. На апошняе я шмат не патраціў, бо жыў у бацькоў — за 25 км ад універсітэту.

За пяць гадоў сваёй вучобы я заплаціў 20 тысяч са сваёй кішэні. Гэта немалая сума для студэнта. Каб зарабіць гэтыя грошы па-за вучобай, даводзілася працаваць на дзвюх працах.

Скончыў універсітэт у 2007 годзе. Адразу трапіў у кансалтынгавую кампанію на пасаду аналітыка. Потым стаў вядучым аналітыкам па рынках Усходняй Еўропы і Расіі. Плюс — курыраваў Іспанію, бо ведаў іспанскую мову і праходзіў там стажыроўку.

У Беларусі вырашыў стаць праграмістам, а не чыноўнікам

Потым у майго бацькі выявілі пухліну мозгу. Некаторы час я даглядаў яго, планы наконт магістратуры давялося адкласці. А потым бацька памёр. Ён хацеў быць пахаваным у Беларусі. Гэта адна з прычынаў, чаму я тут.

gdb.rferl.org__195518bf_11de_4_66fe6a7ce9d91483d2ac9ee7796740af.jpeg

Я ў Беларусь адначасова і вяртаўся, і іміграваў, бо не жыў тут 16 год

Увогуле, не магу сказаць, што я сюды вярнуўся. Я так доўга не жыў у Беларусі — большую частку свайго жыцця, — што, можна сказаць, я адначасова і вярнуўся, і іміграваў у Беларусь.

Больш за тое, культурна я не асацыюю сябе з беларусамі ці расейцамі. Гэтаксама як і амерыканцам сябе не лічу. І Беларусь, і ЗША — занадта кансерватыўныя краіны. Як чалавек, выгадаваны ў 1990-я, я больш схільны да свабоды. А таму цяпер вельмі перажываю за Украіну. Спадзяюся, у іх усталюецца ліберальнае грамадства.

Калі я ляцеў у Беларусь, я ўжо ведаў, чым буду займацца. Буйных фінансавых кампаніяў тут няма, ад дзяржаўнай працы я адмовіўся. З маёй адукацыяй і рэзюмэ мяне запрашалі на дзяржаўную працу. Але я вырашыў атрымаць другую адукацыю — праграміста на курсах пры БДУІРы.

Я раней ужо крыху праграмаваў, працаваў у айцішных падраздзяленнях. Каб навучыцца прафесіі, мне давялося шмат працаваць. Наняў рэпетытара па С++. Саміх курсаў не хапала, але добра, што там расказвалі, што трэба вучыць.

Цяпер працую праграмістам і вяду перамовы з новым працадаўцам. Таксама спрабую займацца сваімі праектамі — гэта рэчы з выхадам у інтэрнэт. Штосьці кшталту разумных бытавых прыбораў, падлучаных да інтэрнэту, ці адзежы, у якую ўсталяваныя сенсары, падлучаныя да інтэрнэту. Таксама збіраю каманду для праекту эканоміі часу. Гэтую задачу сёння ўжо можна аўтаматызаваць.

Не разумею, як стасавацца з людзьмі

Па сутнасці, Беларусь для мяне была новай краінай. Нешта ўзгадвалася, але быццам я гэта бачыў у сне. Я ж тут не жыў 16 гадоў. За гэты час бываў тут двойчы, і то на вельмі кароткі тэрмін.

gdb.rferl.org__743ca27f_d8c1_4_e667bd04cb3ec91cea60ab37f1fc7a5e.jpeg

Не разумееш, чаго ад цябе хочуць людзі. Наўпрост тут нічога не кажуць

Самым складаным для мяне было прызвычаіцца да стасункаў між людзьмі. Вось у Амерыцы ўсё проста: табе нешта трэба, і ты пра гэта кажаш. А тут людзі табе не кажуць, што ім трэба. І даволі складана даведацца, чаго яны ад цябе хочуць. І гэта не толькі на працы. Паўсюль вельмі шмат падазронасці, людзі чакаюць падводных камянёў і не кажуць адразу, што ім трэба. Быццам бы чакаюць, што іх могуць падмануць.

Таксама беларусы вельмі карыслівыя. Проста так тут не заводзяць стасункаў з новымі людзьмі. Ім нешта трэба ад цябе, тады яны табой цікавяцца.

Яшчэ я заўважаю іерархічнасць у грамадстве. Вось я хаджу на лацінскія танцы. У Амерыцы на танцы ходзяць, каб расслабіцца, адпачыць. Тут жа заўжды ёсць некалькі майстроў, майстэрству якіх зайздросцяць астатнія. Кожны намагаецца танцаваць як мага лепш, а гэта стварае стрэсавую атмасфэру. Людзям патрэбна прызнанне.

На жаль, вельмі мала тут проста размоваў дзеля размоваў. На гэта ў людзей бракуе часу. У Штатах — справа справай, але людзям гэта не замінае проста так стасавацца між сабой.

Мяне таксама здзіўляе, наколькі няўпэўненыя ў сабе людзі. Яны нават не спрабуюць штосьці зрабіць, але ўжо кажуць, што гэта немагчыма. Яны не могуць працаваць без начальніка, знаходзяць апраўданні сваёй пасіўнасці. У кагосьці гэта палітычны рэжым, у кагосьці — лянота. Але ж калі чалавеку замінае рэжым, хай ён пачне рабіць сваю справу, а потым зарэгіструе фірму на Кіпры. Але ж не. Яны выдумаюць сто прычынаў, чаму гэта нельга зрабіць.

 

Сваякі думалі, што калі я вярнуўся з Амерыкі, значыць — шпіён

Мяне ўвесь час пытаюць, чаму я вярнуўся. Напачатку многія, у тым ліку мае блізкія, лічылі мяне шпіёнам. Некаторыя дагэтуль так думаюць. Але я не звык выконваць нечыя загады, каб быць шпіёнам.

Справа ў тым, што пасля таго, як я страціў бацьку, жывучы ў адзіноце, я ўсведамляў, што пачынаю губляць сваю ідэнтычнасць. Жыць самому па сабе было вельмі цяжка, хоць пачуццё адзіноты находзіць на мяне і тут. Але, у кожным разе, быць бліжэй да магілы бацькі і бабулі для мяне было не толькі сентыментальна, але і лагічна.

І яшчэ ніводнага разу я не ставіў пад сумнеў свой намер прыехаць у Беларусь. Я прыняў рашэнне, за якое адказваю, і кропка.

Што мне падабаецца ў Беларусі? Пасля Масачусетса я тут пабачыў вельмі прыгожую і даступную прыроду. У Амерыцы ў нас быў адзін добры сезон — восень. Астатні час надвор’е не вельмі. Дажджы, слота, вясны ўвогуле няма: вось ідзе снег, потым — дажджы, потым — летняя спёка. У параўнанні з Масачусетсам у Беларусі вельмі яснае неба.

Ці, напрыклад, каб пакатацца на прыродзе на конях, тут не трэба далёка ехаць. Шчыльнасць насельніцтва на Усходнім узбярэжжы ад Бостана да Вашынгтона — як у Кітаі. Складана знайсці месцы, дзе ты можаш гуляць па прыродзе і пры гэтым не сустрэць людзей, як гэта магчыма ў Беларусі. Ад Бостана да бязлюдных мясцінаў трэба ад’ехаць як мінімум кіламетраў 100 на поўнач ці захад.

Калі б людзі яшчэ не баяліся брацца за справу. Не ведаю, на якім этапе ад гэтага мяне адвучылі. Можа, у спорце.

Калі я займаўся бегам, трэнеры данеслі да мяне важную рэч — у жыцці трэба канкурыраваць. Ты бяжыш, і табе баліць. Але ведай, іншаму чалавеку таксама баліць. І хто з вас першы здасца, той і прайграў.

www.svaboda.org