Віктар Сазонаў. Беларусы і еўрапейская эміграцыя
Еўропа забіла трывогу. Трывогу больш нервовую, чым з-за актывізацыі дзеянняў ваяўнічай арганізацыі “Ісламская дзяржава” ці нават нападу Расіі на ўкраінскі Крым. На гэты раз еўрапейцы нарэшце прызналі, што іх шматгадовая палітыка па прыёму эмігрантаў зайшла ў поўны тупік.
Пра гэта ўжо крычаць не толькі прадстаўнікі радыкальных арганізацый на усё больш шматлюдных мітынгах, але і палітыкі найвышэйшага рангу, выказванні якіх па гэтым пытанні яшчэ нядаўна абмяжоўваліся выключна асуджэннем тых радыкалаў.Сёння іх рыторыка змянілася.
Праўда, яна не паўтарае заяў радыкалаў. Радыкалы заяўляюць, што некантралюемы прыток эмігрантаў з Азіі і Афрыкі пагражае існаванню еўрапейскага этнасу, калі так можна назваць народы Еўропы. Ці ў больш мяккім варыянце сцвярджаецца, што пагроза ідзе для еўрапейскай культуры, еўрапейскага ладу жыцця і еўрапейскіх духоўных каштоўнасцяў, якія эмігранты не збіраюцца прызнаваць сваімі.
Палітыкі ж як заўсёды выступаюць з больш звыклага для іх прагматычнага боку. Яны ўрэшце зразумелі, што магутная еўрапейская эканоміка можа гэтага працэсу не вытрымаць. І прызналі, што дабрабыт еўрапейцаў хутка істотна пагоршыцца.
Бо гэта толькі ў рамантычныя 70-я гады мінулага стагоддзя ім здавалася, што няшчасныя ўцекачы з Афрыкі ды Азіі будуць да смерці ўдзячныя еўрапейцам за прытулак, бяспеку і кавалак хлеба, ды пры гэтым самыя заробяць сабе на гэны кавалак, паколькі эканамічная сітуацыя і прававое еўрапейскае поле ім гэта дазваляе зрабіць на раўне з карэннымі жыхарамі старога свету. Ну як гэтым не скарыстацца? А вось тое, што прававая сітуацыя дазваляе эмігрантам узяць свой кавалак хлеба нават не выходзячы на працу, і што многія абяруць менавіта такі варыянт, да працавітага пасляваеннага пакалення еўрапейцаў аніяк не даходзіла.
А вось зараз пачало даходзіць, што не ўсе эмігранты едуць у Еўропу вуліцы падмятаць. Некаторыя едуць абурацца тым, што на еўрапейскіх вуліцах брудныя няверныя еўрапейцы дазваляюць сабе жэрці ежу з нячыстай свініны.
Вось еўрапейцы і патрапілі ў цугцванг. Галоўная праблема акурат і палягае на тым, што нельга з першага позірку адрозніць таго эмігранта, які сапраўды ўцякае ад галоднай смерці ці фізічнай расправы і шчыра хоча сумленна працаваць на сваёй новай радзіме, ад таго эмігранта, які праз нейкі час, кінуўшы сытую Еўропу, папоўніць шэрагі баевікоў. Ці яшчэ горш, вырашыць падарваць сябе на шматлюднай еўрапейскай вуліцы за тое, што ненавісныя яму еўрапейцы пасля сумленна адпрацаванага дня па дарозе дахаты зайшлі ў кнайпу, каб выпіць бакал піва з сасіскай з ўсё той жа нячыстай свініны.
Здавалася б, чаго нам, беларусам, клапаціцца пра праблемы эміграцыі ў Еўропе. Нас жа ў тую Еўропу не пускаюць. Прычым, не пускаюць не еўрапейцы, а нашае роднае і нязменнае кіраўніцтва. Яно нас тым Захадам нават крыху палохае. Ну пакуль што не так жахліва, як расійскае кіраўніцтва свой народ, але дастаткова стабільна. А “стабільнасць” — любімае слова беларускага кіраўніцтва, і яно прымяняецца абсалютна да ўсіх працэсаў. І мы стабільна дрэйфуем да той мяжы, калі на Захад вельмі захочацца патрапіць, але тады ўжо туды можна будзе патрапіць толькі ў якасці эмігранта. І праблемы еўрапейскай эміграцыі стануць актуальнымі і для вялікай колькасці беларусаў.
Бо эмігрантамі становяцца акурат прадстаўнікі тых краін, якія нічога ўжо не могуць памяняць на сваёй радзіме. Ад якіх ужо не залежыць нічога там, дзе яны жывуць.
І каб праблемы еўрапейскай эміграцыі сапраўды нас, беларусаў, мала цікавілі, трэба ўсё ж нешта рабіць тут, у сваёй каханай сінявокай. А то як нехта гэтую тэрыторыю захоча цалкам або часткамі забраць сабе, а жыхары гэтай цалкам, або пасечанай на часткі тэрыторыі масава кінуцца на Захад, то можа быць ужо позна.
Еўрапейцы вельмі сур’ёзна зараз разглядаюць пытанне, як абмежаваць прыток тых, хто ў сябе не змог наладзіць годнага існавання. То можа ўсё ж трэба наладзіць яго ў сябе, тое годнае існаванне? Тады і ў Еўропу дарога будзе адчынена. І не ў якасці эмігранта, а ў статусе еўрапейца.
Віктар Сазонаў, harodniaspring.org