«Несправядлівасць раніць больш за кулі». Год таму была параненая журналістка Наталля Лубнеўская

10 жніўня 2020 году адзін з байцоў «Алмаза» прыцэльна стрэліў з агнястрэльнай зброі па групе журналістаў у сініх камізэльках «Прэса». Рэпарцёрка «Нашай Нівы» Наталля Лубнеўская правяла ў шпіталі 38 дзён. Яна расказала «Свабодзе», што дэталёва памятае падзеі таго дня, але намагаецца яго не ўспамінаць.

Наталля Лубнеўская праз некалькі хвілін пасля ранення ў нагу

Наталля Лубнеўская праз некалькі хвілін пасля ранення ў нагу


Праз тыдзень у лякарні, дзе журналістка ляжала ў адной палаце з параненай Марыяй Зайцавай, да іх прыехалі дэпутаткі — Марыя Васілевіч і Ірына Луканская. Яны распытвалі, ці патрэбна нейкая дапамога, і на словах спачувалі. Аднак на прапанову асудзіць гвалт і фальсіфікацыі рэціраваліся, сказаўшы: «Мы дробныя людзі, няма паўнамоцтваў».
«Пройдзе некалькі месяцаў, і людзі, ад якіх, паводле іх слоў, нічога не залежыць, ухваляць папраўкі, якія зробяць больш жорсткім пакаранне за пратэсты і ўзаконяць выкарыстанне сілавікамі зброі супраць насельніцтва», — кажа Лубнеўская.
Крымінальная справа па факце ранення журналісткі дасюль не заведзеная, Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэта перадаў яе Мінскаму гарадскому, а следства вялі ўжо тры розныя асобы. У Лубнеўскай узялі падпіску аб неразгалошванні.
«Не ўяўляю, што адчуваюць людзі, якія пасля траўм замест расследавання атрымалі тэрмін у калоніі. Несправядлівасць раніць больш за кулі. Супрацоўнікі органаў апраўдваюць свае дзеянні тым, што „проста выконваюць сваю працу“. У маім выпадку выканаць сваю працу ніхто не змог. Відэа стрэлу і факт знаходжання ў шпіталі аказаліся недастаткова пераканаўчымі, каб завесці крымінальную справу. „Працягваецца праверка“».
Наталля адзначыла, што на яе выходзіў незнаёмец, які нібыта ведае імя таго, хто страляў у яе. Аднак Лубнеўская не стала чапляцца за інфармацыю, каб даведацца прозвішча. Яна чакае, што настане час суду над сілавікамі. Сваё здароўе, сцвярджае журналістка, ёй удалося аднавіць, дапамаглі «ЛФК, фізіятэрапія і маладосць». Але ад ранення ў Лубнеўскай застаўся шнар.