Не жарты. Што зменіцца ў Беларусі 1 красавіка
Дакладна вядома, якія навіны не будуць жартамі ў «Дзень смеху» і апошні дзень падачы дэкларацыяў аб падаходным падатку, піша «Радыё Свабода».
Вырасце базавая арэндная велічыня
Апошні раз паказнік мяняўся ў мінулы «Дзень дурня». Раней было 16 рублёў 11 капеек, а стане на 4,9% больш — 16 рублёў 90 капеек. Велічыня ўжываецца для разлікаў платы за арэнду плошчаў у дзяржаўнай уласнасці (хоць будынкаў, хоць парковак, хоць месцаў на рынках).
Падвысяцца экспартныя мыты на нафту і нафтапрадукты
Дзяржава стане атрымліваць больш ад экспарту нафты і нафтапрадуктаў. Стаўка мыту за экспарт за межы Еўразійскага эканамічнага саюзу вырасце з 91,2 да 97,4 долара за тону сырой нафты, з 50,1 да 53,5 долара — за тону бензіну прамой гонкі, з 27,3 да 29,2 долара — за тону таварнага бензіну, сярэдняга дыстыляту, дызельнага паліва, бензолу, талуолу, аліваў і іншага. Мінулы раз мыты падвышаліся 1 сакавіка, а ў снежні мяняліся двойчы.
Падаражэюць цыгарэты, з’явяцца новыя
Цэны падымуцца на цыгарэты фабрыкаў «Нёман» (на 5–10 капеек) і «Табак-інвест» (на 2–13 капеек), а таксама на некаторыя замежныя цыгарэты, якія завозіць «Беларусьгандаль» (на 5 капеек). «Табак-інвэст» пачне прадаваць цыгарэты пад новымі маркамі.
Пачнуць дзейнічаць новыя правілы віртуальных казіно
Пачне дзейнічаць новы парадак арганізацыі і афармлення азартных гульняў, у якім новыя патрабаванні выстаўляюцца віртуальным казіно. Яны тычацца ідэнтыфікацыі і аўтарызацыі гульцоў, налічэння бонусаў і вяртання выйгрышаў. У інтэрнэт-казіно будзе тры месяцы на змену сваіх правілаў адпаведна дзяржаўным нормам.
У Мінску з’явіцца новы «бязрогі тралейбус»
Пачнуцца перавозкі пасажыраў жоўтымі электробусамі E321 ад «Белкамунмашу». Машыны паступілі не ў аўтобусны, а ў тралейбусны парк №2. У новым «бязрогім тралейбусе», карарацейшым за «Вітаўтаў», будзе 26 месцаў для сядзення і 56 — для стаяння. Ён зможа праехаць без падзарадкі 30 км (а на зарадку трэба 5–8 хвілінаў). Агулам да II Еўрапейскіх гульняў у Мінску мае з’явіцца 60 новых электробусаў.
У Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях часова забароняць лавіць рыбу
Забарона тычыцца ўсіх відаў рыбы, а таксама ракаў, і звязаная з нерастам. Яна будзе дзейнічаць да 30 траўня. Рыбачыць можна будзе толькі з адной вудай і адным гачком або адным спінінгам са штучнай прынадай, а ўдзень з берагу — з адзінарным, двайным і трайным гачком. За іншыя спосабы лову будуць штрафаваць (можа дайсці і да крымінальнай справы). Такая ж забарона дзейнічае з 20 сакавіка па 18 траўня ў Брэсцскай і Гомельскай абласцях, у Віцебскай будзе дзейнічаць з 10 красавіка па 8 чэрвеня.
У Брэсце адкрыюць правы бок бульвара Касманаўтаў
Адну з важных вуліцаў гораду напалову перакрывалі на рамонт з 10 студзеня на ўчастку ад вул. Міцкевіча да вул. Арджанікідзэ.
У Беларусі мусіць з’явіцца «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд»
Прынамсі 1 красавіка гэта крайні тэрмін, які вызначыў Аляксандр Лукашэнка. Установа мае зрабіць нагляд незалежным ад арганізацыяў, якія займаюцца энерга- і газазабеспячэннем.
Цалкам магчыма, што набудзе сілу ўказ пра новы «дарожны падатак»
Аб тым, што такое можа здарыцца, казалі ў тым ліку на дзяржаўнай тэлевізіі. Ды не факт, што здарыцца: дакумент пакуль не падпісаны. Але калі будзе падпісаны, для фізічных асобаў «дарожны падатак» будзе заменены «платай за ўдзел у дарожным руху» (можна будзе плаціць праз АРІП). Напрыклад, за легкавую машыну вагой у паўтары-дзве тоны ў праекце прадугледжаная плата ў 50 капеек на месяц, за лягчэйшую — удвая меней.
Перастане дзейнічаць дамова аб сяброўстве Расіі і Украіны
Гэта не тычыцца Беларусі наўпрост, але тычыцца адразу двух суседзяў. Дамова аб сяброўстве між Расіяй і Украінай дзейнічала ад 1999 году і не была разарваная нават пасля таго, як Расія анексавала ўкраінскі Крым і падтрымала так званыя «ДНР» і «ЛНР». Цяпер проста заканчваецца тэрмін дзеяння, а працягваць яго не збіраюцца.
www.svaboda.org