Назад у будучыню. Парк Горкага збіраюцца рэканструяваць у стылі 1930-х. Але з відэаназіраннем

Парк Горкага неўзабаве чакае рэканструкцыя. І беларускія ўлады вырашылі з нагоды, так бы мовіць, Года гістарычнай памяці звярнуцца да стылістыкі развітога сталінізму.

_minsk_horad_zima_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___4_.jpg

Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага чакае рэканструкцыя. Там могуць з'явіцца кафэ ў стылі 1930-х гадоў. Пра гэта піша агенцтва «Мінск-навіны» са спасылкай на кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Валерыя Вараніцкага, які распавёў пра такія планы падчас прамой лініі 9 ліпеня.

Цяпер ідзе грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі рэканструкцыі парку, — распавёў чыноўнік. — Прэзентацыйныя матэрыялы размешчаны на афіцыйным інтэрнэт-сайце адміністрацыі раёна.

Вараніцкі сказаў, што аўтарскі калектыў ААТ «Белрэстаўрацыя» распрацаваў эскізы гандлёвых павільёнаў і міні-кафэ ў адзінай архітэктурнай стылістыцы парку 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

Гэта вельмі цікавы варыянт, які перадае атмасферу тых гадоў, — перакананы кіраўнік Партызанскага раёна. — Аўтары праекта маюць намер узяць за аснову архітэктурныя прыёмы з выкарыстаннем драўляных рэек. Тым самым атрымаецца схаваць гандлёвыя пляцоўкі ў аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі павільёна і на першы план паставіць яго архітэктуру.

Згодна з праектам, прапануецца размясціць некалькі нестацыянарных кафэ ўздоўж набярэжнай Свіслачы і на цэнтральных алеях. З'явіцца дзіцячая пляцоўка з асвятленнем, выкананымі з дрэва гульнявымі комплексамі і траўмабяспечным пакрыццём. Зменіцца домік Дзеда Мароза, чарапіца якога будзе выканана з дрэва. Таксама прадугледжана ціхая зона з воднымі раслінамі і спускам да вады па драўляных памостах. Паведамляецца таксама, што «для гарантавання бяспекі адпачывальнікаў запланавана сістэма адзінага відэаназірання дзіцячых пляцовак і атракцыёнаў».