Навумчык пра «камісію па вяртанні»: Прыдумаць такое не мог бы ніхто з герояў Дастаеўскага
Апошнім часам стала вядома пра некалькі выпадкаў судовага перасьледу беларусаў, якія зьвярнуліся ў так званую «камісію па вяртаньні» і прыехалі з-за мяжы на радзіму, піша на «Свабодзе» Сяргей Навумчык.
Паводле інфармацыі самой камісіі, да яе зьвярнуліся блізу 100 чалавек; «кібэрпартызаны» сьцьвярджаюць, што такіх было значна меней. Дакладна вядомыя толькі два выпадкі, калі палітычных эмігрантаў, якія вярнуліся ў Беларусь, не перасьледавалі.
Днямі Аляксандру Каско, якая прыехала на радзіму, асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Тэлеканал СТВ паказаў інтэрвію з Тацянай Собаль, якая вярнулася праз «камісію». Нягледзячы на публічнае пакаяньне, афіцыйна абвешчана, што яе чакае судовы перасьлед.
Створаную Лукашэнкам структуру, куды ўвайшлі кіраўнікі рэпрэсіўных ведамстваў і адыёзныя прапагандысты, ужо пачалі называць «камісіяй па вяртаньні ў турму».
Лічыць, што камісія была створаная менавіта з мэтай, дыямэтральна супрацьлеглай дэкляраванай (каб вярнулася як найменей), і нават з намерам запалохваньня, — было б занадта кансьпіралягічна.
Найхутчэй, апынуўшыся перад праблемай кадравага крызісу ў некаторых сфэрах (у тым ліку ў мэдыцыне), улады задумаліся, як вярнуць хай ня ўсіх, але большую частку спэцыялістаў.
Момант, трэба прызнаць, быў выбраны ўдалы. Праз два гады пасьля падзеяў 2020-га нават у самых аптымістычна настроеных актывістаў апазыцыі спадзяваньні на хуткую перамогу зьніклі. Шмат хто ўвайшоў у стан клясычнай дэпрэсіі, і гэта цалкам зразумела: акрамя адчуваньня палітычнай паразы, людзі сутыкнуліся зь безьліччу праблемаў — фінансавых, пабытовых, юрыдычных. На чужыне былі адзінота і невядомасьць, а на радзіме засталіся жытло, сябры, родныя, у многіх — праца.
І калі б (вядома, мы гаворым пра фантастычны ў цяперашніх беларускіх умовах варыянт) улада абвясьціла прававую амністыю ўсім, хто ў 2020 годзе выявіў палітычную ці грамадзкую актыўнасьць (ці на плошчах, ці ў сацыяльных сетках), нават калі б яна не закранула апазыцыйных лідараў, — зь вялікай доляй пэўнасьці можна сьцьвярджаць, што абсалютная большасьць людзей вярнулася б у Беларусь. А гэта — сотні тысяч. Калі гаварыць рацыянальнай мовай улады, сотні тысяч кваліфікаваных спэцыялістаў.
Аднак такі варыянт калі і разглядаўся, дык быў адкінуты. Прычыны зразумелыя: «вяртанцы» не зьмянілі б сваіх палітычных поглядаў (і нават упэўніліся б у іх слушнасьці), а ў выпадку абвастрэньня сытуацыі стваралі б для ўлады патэнцыйную палітычную пагрозу. Дый маніякальная падазронасьць КДБ нікуды не падзелася — практычна ў кожным, хто вярнуўся, чэкісты бачылі б завэрбаванага агента «калектыўнага Захаду».
Але галоўная прычына, бадай, іншая: амністыя — акт міласэрнасьці, а такога пачуцьця ў дачыненьні да сваіх палітычных апанэнтаў Лукашэнка ніколі не выяўляў нават у самых мікраскапічных дозах.
Камісію ўсё ж вырашылі стварыць, але магчымасьць вяртаньня абставілі ўмовамі, на якія чалавек з элемэнтарным інстынктам самазахаваньня пагадзіцца ня мог.
А далей здарылася, як у старым анэкдоце пра савецкую прамысловасьць: што б ні пачыналі вырабляць, на выхадзе атрымліваецца аўтамат Калашнікава.
Камісія выкарыстоўвае элемэнты нейкага звыродлівага псыхалягічнага зьдзеку: паведаміце нам, дзе вы знаходзіцеся (краіну і нават горад элемэнтарна можна вылічыць па ІР, зь якога адасланы электронны ліст), назавіце, у якіх акцыях вы ўдзельнічалі, пакайцеся. У выпадку, калі мы палічым вас выгодным аб’ектам — дадзім дазвол на вяртаньне, і вам давядзецца ўчыніць акт палітычнага і маральнага суіцыду на тэлеэкране. Ну, а потым — за краты.
Прыдумаць такое, сапраўды, ня мог бы ніхто з герояў Дастаеўскага.
Такім чынам, камісія зрабілася часткай рэпрэсіўнай машыны. І, сярод іншага, служыць мэтам запалохваньня беларусаў ня толькі ў краіне, але і ў замежжы. А менавіта — імкненьню давесьці да кожнага перакананьне, што ніякіх, нават самых мізэрных шанцаў на дэмакратызацыю, на выкананьне правоў чалавека, няма і ня будзе ў будучыні.
Што рэжым — бязьлітасны ў сваім імкненьні самым жорсткім чынам караць за самыя, здавалася б, дробязі кшталту лайку пад пастом з крытыкай улады (не з абразай нават, проста з крытыкай).
Што памілаваньня ня будзе нават тым, хто публічна пакаяўся.
А значыць — пра якія б там ні было перамены ў Беларусі
ў блізкай будучыні варта забыцца.