«Наша грамадства хоча перамен, але не хоча нічога дзеля гэтага рабіць» — апытанне ў Гродна
Чым для вас асабіста запомніўся адыходзячы год? Як вы лічыце, ці саспела большасць беларускага грамадства да зменаў, ці яму даспадобы цяперашняя стабільнасць? З такімі пытаннямі карэспандэнт "Радыё Свабода" звяртаўся да гродзенцаў.
Малады хлопец: «Эканамічны крызіс. Бо, паводле асабістага адчування, вельмі цяжкі год. Але былі і прыемныя рэчы, да прыкладу, тое, што Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію. Асабіста чытаў яе творы, і таму вельмі прыемна. Што датычыць грамадства, то ёсць частка людзей, якія гатовыя і патрабуюць зменаў, але большасць жыве сённяшнім днём. У маім разуменні дэмакратыя будуецца знізу і, на жаль, не гатовыя мы да гэтае дэмакратыі».
Мужчына пенсійнага веку: «Крызіс. Асабліва цяжка моладзі і пенсіянерам. Калі не адчай, то песімізм вялікі ад гэтага году: цяжка жыць, многіх пазвальнялі, скарацілі, у людзей твары напружаныя, аптымізму зусім няма. Тым не менш, беларускі народ памяркоўны, не пойдзе ён на Майдан і на барыкады і церпіць здзекі з сябе, і баіцца...».
Мужчына сярэдняга веку: «Добрага нічога не было, скарацілі, цяжка было знайсці працу. Мне здаецца, людзям усё ж падабаецца так жыць, як яны жывуць, чым рабіць нейкія змены. Ніхто не хоча ніякіх перамен, і ніхто не верыць ні ў якія перамены...».
Маладая жанчына: «Сядзела амаль увесь год без працы, вось толькі нядаўна ўладкавалася — вельмі цяжка было. Я думаю, што грамадства не гатовае да зменаў, бо прывыклі жыць так, як жывуць. Напэўна, ужо змірыліся з тым, што ўжо нічога не зменіцца».
Cтудэнтка: «Былі выбары прэзідэнта, мы галасавалі першы раз, абралі Аляксандра Рыгоравіча».
Карэспандэнт: «Вам гэта спадабалася?»
Cтудэнтка: «Каму як, а я пакуль не ведаю. Трэба нейкія змены ўводзіць, трэба падштурхоўваць яго нейкімі падзеямі, бо само яно нічога рабіцца не будзе».
Ейная сяброўка: «Я таксама лічу, што грамадства само не пойдзе на змены, яго трэба падрыхтаваць. Усе цяжка прызвычайваюцца да нечага новага».
Cтудэнт: «Паступіў, дамогся сваёй мэты, стаў студэнтам. Мне здаецца, грамадства хоча пераменаў, але не хоча нічога рабіць дзеля гэтага. Так што, мне здаецца, што ўсё застанецца па-ранейшаму».