Нам бы міліцыю ўзяць і замяніць

Цягам апошніх тыдняў кіраўнік Беларусі заняўся сілавымі структурамі. Дайшлі рукі і да рэфармавання Міністэрства ўнутраных спраў.



paradak_1.gif

Галоўны аб’ём рэформаў плануецца завяршыць да канца бягучага года. Пытанні, якія патрабуюць карэкціроўкі заканадаўства парламентам і кіраўніком дзяржавы, плануецца вырашыць да 2013 года.

Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, пераўтварэнні ў сілавым ведамстве абумоўленыя патрэбаю, каб «забяспечвалася абарона людзей, грамадства, дзяржавы ад злачынных замахаў з улікам сучасных з’яў і тэндэнцый». Ён асобна акцэнтаваў увагу старшынь аблвыканкамаў на гатоўнасці рэгіянальных сістэм рэагавання на надзвычайныя сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару. У цэлым жа, кажучы пра рэфармаванне МУС, ён падкрэсліў, што гэта пастаянная праца. «Мы гэтымі мерамі міліцыю толькі «прычасалі». Мы яшчэ ў глыбіню не рынуліся».

На думку Лукашэнкі, у першую чаргу для гэтага патрабуецца аптымізаваць структуру органаў унутраных спраў, зрабіць яе прасцейшай, выключыць дублюючыя звёны. Неабходна скараціць колькасць, вызваліць міліцыю ад не ўласцівых ёй функцый, прывесці вайсковы складнік у адпаведнасць з патрабаваннямі сённяшняга дня. Лукашэнка падкрэсліў, што такую працу трэба правесці на ўсіх узроўнях: ад участковага інспектара міліцыі, надаўшы яму асноўную ўвагу, да кіраўнічых апаратаў органаў унутраных спраў.

Кіраўнік Беларусі мяркуе, што пры захаванні аб’ёмаў фінансавання гэта дазволіць павялічыць матэрыяльнае стымуляванне супрацоўнікаў, не абцяжарваючы дзяржаўны бюджэт дадатковымі выдаткамі.

Дзяржаўнаму экспертна-крыміналістычнаму цэнтру МУС неабходна надаць статус самастойнага падраздзялення, што будзе спрыяць больш поўнаму забеспячэнню законных правоў і інтарэсаў грамадзян. Таму кіраўнік дзяржавы прапанаваў прапрацаваць варыянт стварэння ў краіне адзінай службы судовых экспертыз. Ён даручыў унесці да новага года прапановы па гэтым пытанні.

Яшчэ адной задачай, якую неабходна вырашаць найбліжэйшым часам, Лукашэнка назваў рэфармаванне галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. А скасаванне ўпраўлення корпуса аховы грамадскага парадку, на яго думку, не толькі пазбавіць кіраўніцкую структуру ў вертыкалі ад вайсковага складальніку, але і створыць рэзерв для фармавання пэўных вайсковых часцей, магчыма, і па ахове беларускай АЭС. Лукашэнка адзначыў, што ён прыхільнік таго, каб было адзінае камандаванне ўсімі гэтымі войскамі.

«Структура ўнутраных войскаў павінна стаць аптымальнай! — сказаў ён, звяртаючыся да дзяржсакратара Рады бяспекі Леаніда Мальцава. — Лішнія падраздзяленні нам не патрэбныя. Не трэба нам нічога лішняга! Ваенны чалавек, той, хто пагоны носіць, — міліцыя, КДБ, армія — гэта апора бяспекі нашых людзей. Усе яны на гэта павінны быць мабілізаваны». Лукашэнка даручыў таксама больш старанна перагледзець колькасць асабовага складу МУС.

Кантраляваць меры, якія прымаюцца па рэфармаванні МУС, даручана Дзяржаўнаму сакратарыяту Рады бяспекі. Лукашэнка акрэсліў некалькі задач, якія неабходна вырашыць, каб працэс рэфармавання быў эфектыўным і ў кароткія тэрміны даў станоўчыя вынікі.

Восенню экспертная група рыхтавала праект прапаноў па рэфармаванні беларускай сістэмы МУС у межах праграмы «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі». Праваабаронца, былы следчы Алег Волчак прымаў у праекце непасрэдны ўдзел. Азнаёміўшыся з прапановамі дзяржаўных мужоў па рэформе сілавога ведамства, ён прыйшоў да высновы, што як мінімум у Лукашэнкі «граматныя кансультанты», як максімум — іх праект прапаноў вывучылі і ў вярхах.

«Напрыклад, у намеры ўзмацніць ролю ўчастковых інспектараў я бачу амерыканскі падыход. Там участковыя фактычна галоўныя людзі на тэрыторыі сваёй акругі. Мне падабаецца ідэя зняць з іх лішнюю нагрузку, як то папярэдняе следства. Яшчэ добрая прапанова — зрабіць самастойны экспертны цэнтр, што цяпер працуе пры МУС. Скараціць вайсковы складнік — таксама выдатная ідэя. Па ўсёй Беларусі ёсць вайсковыя часткі МУС. Мы бачылі, як яны ўдзельнічалі ў зачыстцы мітынгаў, іх накіроўваюць на ахову грамадскага парадку. Але ў тым жа Мінску дастаткова амапаўцаў, патрульных для кантролю за вуліцамі», — «прабягаецца» па пунктах патэнцыйных рэформаў Волчак.

І нагадвае пра відавочнае: «Думаю, гэтая рэформа больш патрэбная грамадзянам, бо нашая міліцыя стала небяспечнай. Таму варта не проста скараціць штат, змяніць структуру. Мне цікава паглядзець, як будзе ісці падбор і падрыхтоўка кадраў. Вось паказальны выпадак са збіццём у сталічным РАУСе вартаўніка з аўтастаянкі. Падобныя сітуацыі мусяць быць абнародаваныя, вінаватыя — пакараныя, а інфармацыя — распаўсюджаная ў СМІ... Думаю, жыццё само прымусіла ўлады падумаць пра рэформу дзяржорганаў. У адваротным выпадку гэтая сістэма абрынецца пад уласным цяжарам, пад уздзеяннем карупцыі. Але — падкрэслю — мусіць быць сістэмны падыход. Рэформы мусяць закрануць і суды, і пракуратуры, а не толькі міліцыю», — рэзюмуе Алег Волчак.