На польскай мяжы пачнуць правяраць адбіткі пальцаў. Адмовіцца будзе нельга
Польскія памежнікі паказалі гарадзенскім журналістам, як яны будуць правяраць уладальнікаў новых біяметрычных шэнгенскіх віз. Такія візы пачнуць выдаваць беларусам у консульствах з 23 чэрвеня.
У консульствах з гэтага дня ўсім асобам старэйшым за 12 год прыйдзецца здаваць адбіткі пальцаў з дапамогай адмысловых сканераў. Выключэнне: тыя, хто атрымлівае нацыянальныя польскія візы, асобы, у якіх фізічна нельга ўзяць адбіткі, а таксама вышэйшыя афіцыйныя асобы краіны, чальцы дэлегацый ці каралеўскіх сем’яў.
Усе іншыя сустрэнуцца са сканерам двойчы — у консульстве і на мяжы. Камендант Падляшскага аддзялення памежнай службы Польшчы палкоўнік Анджэй Рытвіньскі (на фота справа) упэўнены, што складанасцяў пры праверцы не ўзнікне. Галоўнае — каб самі беларусы не баяліся зменаў, які не павінны істотна падоўжыць час памежнага кантролю.
Ва ўсіх акенцах на мяжы ўжо ўсталяваныя стацыянарныя сканеры. Таксама будуць выкарыстоўвацца мабільныя прылады: з іх дапамогай будуць правярацца папілярныя лініі пальцаў у пасажыраў цягнікоў і аўтобусаў, а таксама кіроўцаў грузавікоў. На стацыянарны сканер трэба будзе пакласці чытары пальцы правай рукі, на мабільны — толькі указальны палец. Гэтаксама з дапамогай мабільнай прылады памежнікі змогуць правяраць ідэнтычнасць асоб на тэрыторыі Польшчы, па-за пунктам пропуска. Праверка не павінна займаць больш за 20 секунд.
Адмовіцца ад праверкі нельга, інакш памежнікі проста не прапусцяць чалавека на тэрыторыю Шэнгена. Адзінае выключэнне — наяўнасць на мяжы вялікіх чэргаў. У такой сітуацыі камендант пункта пропуска мае права адмяніць праверкі наогул, каб паскорыць рух. Але нават у такой сітуацыі ў чалавека, які ўпершыню будзе ўязджаць з біяметрычнай візай у Польшчу, адбіткі правераць.
Уся асабістая інфармацыя захоўваецца ў базе Візавай інфармацыйнай сістэмы ў Стразбурзе. Лічыцца, што там яна пад надзейнай аховай, а доступ туды абмежаваны нават для службаў краін ЕС — на гэта патрэбныя істотныя прычыны.