«На здароўе не скардзіўся». Як адчуваў сябе Віктар Бабарыка апошнім часам
Увечары 26 красавіка з'явілася інфармацыя, што палітвязень Віктар Бабарыка знаходзіцца ў наваполацкім шпіталі. Сёння стала вядома, што яго стан здавальняючы. Але няма звестак ні пра тое, што здарылася, ні пра дыягназ палітыка. Якімі былі ўмовы ўтрымання і як ён адчуваў сябе апошнім часам? «Л*стэрка» спытала пра гэта ў члена штаба Бабарыкі Івана Краўцова.
Як адзначае Краўцоў, у наваполацкай калоніі №1, дзе адбывае
пакаранне Віктар Бабарыка, самыя цяжкія ўмовы ўтрымання, на палітвязняў
даволі моцна ціснуць.
— Апошнім часам, асабліва пасля Новага года ці крыху пазней,
пачалося ўзмацненне прэсінгу практычна на ўсіх даволі публічных палітвязняў, — апісвае сітуацыю прадстаўнік штаба. — Людзей пераводзяць у ШІЗА, ПКТ, і Віктар
Бабарыка тут не выключэнне. Ёсць падазрэнне, што апошнім часам ён быў у ШІЗА
практычна без перапынку. А падставу для гэтага можна прыдумаць заўсёды,
дастаткова любога дробнага парушэння.
Акрамя гэтага, палітвязня істотна абмяжоўваюць у зносінах.
Так, яшчэ паўгода таму ў яго пачаліся складанасці з перапіскай.
— Апошнія два-два з паловай месяцы наогул не было ніводнай
вестачкі. Гэта таксама можа казаць пра тое, што ён знаходзіцца ў
ШІЗА, — лічыць Краўцоў. — Што тычыцца адваката, то 20 сакавіка быў рэйд па
абаронцах палітвязняў, у тым ліку гэта закранула адваката Віктара Бабарыкі. І
цяпер ён не можа працягваць працу.
Таксама вядома, што іншым зняволеным забараняюць мець
зносіны з былым банкірам, ствараючы яму абсалютную ізаляцыю. У адказ на
пытанне, як такі падыход адміністрацыі калоніі можа паўплываць на самога
Бабарыку, суразмоўца ўдакладняе:
— Зыходзячы з майго разумення Віктара Дзмітрыевіча, я думаю,
ён досыць цэласны і самастойны чалавек. Ён добра разумее сітуацыю і не хоча
падстаўляць іншых людзей.
Паводле звестак штаба, маральны стан палітвязня апошнім
часам быў нармальным. Як і стан здароўя — скаргаў ад яго не было.
— Прынамсі, да ўчорашняга дня, калі з'явілася вось гэтая
інфармацыя [аб шпіталізацыі], — удакладняе Краўцоў. — Тут яшчэ важна тое, што
ён працуе качагарам, і гэта праблемы бруднага паветра, вугальнага пылу. Усё
гэта можа выклікаць абвастрэнне рэспіраторных захворванняў, алергічныя рэакцыі,
можа вельмі моцна аслабляць імунітэт. І калі чалавек працуе качагарам даволі
доўгі час, праблемы са здароўем яму практычна гарантаваныя.
Апісваючы ўзмацненне жорсткасці ўмоў для Віктара Бабарыкі і іншых зняволеных гэтай калоніі, Іван Краўцоў адзначае: у штабе пакуль не да канца разумеюць, з чым гэта звязана і чаму ўжо асуджаным не могуць даць магчымасць адбываць свой тэрмін у прымальных умовах.
— Што тычыцца ўчорашняй сітуацыі — гэта сапраўды нешта выключнае. З'яўляецца даволі жорсткая інфармацыя аб выяўленай вадкасці ў лёгкіх і тым, што ён быў збіты. Мы не можам гэта пацвердзіць (размова адбылася да атрымання штабам звестак, што палітыку адпампоўваюць вадкасць з лёгкіх. — «НЧ».), але калі так, то гэта надзвычайнае здарэнне для кіраўніцтва калоніі. Таму што цяжка ўявіць, як такое наогул магло адбыцца, гэта неверагодна рэдкі выпадак для пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі, — мяркуе чалец штаба Бабарыкі. — І калі інфармацыя праўдзівая, гэта выключны прыклад жудаснага абыходжання з палітвязнямі. Але раз ён ужо трапіў у бальніцу, значыць, нешта сапраўды здарылася.