На «Беларуськаліі» масавыя скарачэнні работнікаў
На найбуйнейшым у Беларусі калійным прадпрыемстве сталі частымі выпадкі схаваных скарачэнняў. Стала вядома пра дзясяткі выпадкаў непрацягнення або скасавання кантрактаў з работнікамі рудаўпраўленняў, піша salidarnast.info.
На думку работнікаў, скарачэнні закранулі больш руднікі, чым фабрыкі па ўзбагачэнні руды. Для таго, каб не выклікаць абурэнне ў калектыве, кантракты не працягваюць выбарачна ў розных брыгадах.
— Многіх работнікаў звальняюць па выніках медкамісіі, якую
яны не праходзяць і іх выводзяць з шахты. Калі раней ім прапаноўвалася
працоўнае месца без шкодных фактараў, то цяпер наогул могуць нічога не
прапанаваць, — распавядае работнік прадпрыемства.
Таксама шмат выпадкаў непрацягнення кароткатэрміновых працоўных дамоваў, асабліва з былымі актывістамі незалежнага прафсаюза ці тымі, хто быў заўважаны ў пратэстах 2020 года. Раней у СМІ агучвалася інфармацыя, што КДБ і супрацоўнікамі службы бяспекі прадпрыемства ў аддзелы кадраў былі перададзеныя спісы супрацоўнікаў калійнага прадпрыемства, з якімі неабходна скасаваць працоўныя дамовы.
— Пра памеры звальненняў цяжка казаць, бо работнікі часта
замоўчваюць факт звальнення, але цяпер вядома пра дзясяткі выпадкаў, — адзначыў суразмоўца.
Скарачэнне колькасці працоўнага калектыву прадпрыемства і
вываду асобных цэхаў у аўтсорсінг праводзіцца на «Беларуськаліі» апошнія шэсць гадоў.
Работнікі лічаць, што такім чынам, за кошт зніжэння
колькасці работнікаў брыгад і павелічэння інтэнсіўнасці працы для працоўных,
адміністрацыя павышае рэнтабельнасць прадпрыемства і пры неабходнасці будзе
гатовая прадаць яго. Да таго ж на сітуацыю відавочна паўплывалі санкцыйныя
абмежаванні па рэалізацыі прадукцыі.
Калі раней работнікі, аб'яднаныя ў незалежны прафсаюз, маглі
выстаўляць патрабаванні адміністрацыі, праз калектыўны дагавор уплываць на
ўмовы працы і заработную плату, то сёння на прадпрыемстве дзейнічае адзін
кішэнны прафсаюз, якім кіруе былы намеснік гендырэктара Рыбак. Цяпер
салігорскае прадпрыемства цалкам пад кантролем генеральнага дырэктара Івана
Галаватага.
Варта адзначыць, што ў дачыненні да Галаватага ў лютым 2023
года былі працягнутыя персанальныя санкцыі, накладзеныя ЕС. Аднак «Н*шай Ніве»
з дыпламатычных крыніц стала вядома, што Бразілія з шэрагам афрыканскіх краін
пры падтрымцы некаторых краін ЕС лабіруюць вывад з-пад санкцый асоб, якія
кантралююць здабычу калію. Гаворка ідзе пра мільярдэра Гуцэрыева і Галаватага.
Асноўным аргументам лабістаў з'яўляецца прадуктовая бяспека ў Афрыцы і
Паўднёвай Амерыцы.