На апазіцыйную кандыдатку ціснуць штрафам у 10 разоў болей за ўстаноўлены законам
Сябра Сойму Партыі БНФ Наталля Ільініч, якая вылучаецца ў Палату прадстаўнікоў па Пухавіцкай выбарчай акрузе №65, сутыкнулася з ціскам адразу ж пасля таго, як зарэгістравала ініцыятыўную групу.
6 ліпеня Наталля Ільініч падала дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы дзеля збору подпісаў па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Пухавіцкай выбарчай акрузе №65.
А ўжо 9 ліпеня начальнік ДАІ РАУС Пухавіцкага раёна вынес пастанову, якой Наталля Ільініч прызнаная вінаватай у адміністратыўным правапарушэнні па артыкуле 18.23 КаАП "Парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам".
Пікантнасці справе надае незвычайны памер штрафу: у пастанове зафіксавана, што штраф складае пяць базавых велічыняў. Але пры гэтым адзначана, што ў грашовым вымярэнні Натальля Ільініч мусіць заплаціць у бюджэт ажно 1050 новых, дэнамінаваных рублёў. Між тым, пасля дэнамінацыі памер базавай адзінкі складае 21 новы рубель — значыць, сума штрафу мае быць 105 рублёў, а не 1050.
Наталля Ільініч каментуе гэтую справу: “Не думаю, што, дапісаўшы лішні нуль у суме штрафу, яны проста з дэнамінацыяй памыліліся. Хутчэй я бачу ў гэтай справе праяву палітычнага ціску на мяне як на патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты, які будзе супрацьстаяць дзеючаму дэпутату "палаткі", які зараз зноў вылучаецца — гэта Валер Гайдукевіч, былы намеснік міністра ўнутраных справаў. Я бачу не выпадковасць у тым, што сістэма МУС, да якой належыць дзеючы дэпутат па нашай акрузе, спрабуе ціснуць на яго апанентаў праз адміністратыўны пераслед. Што да сутнасці справы: быццам бы я “пакінула жывёлу без нагляду", праз што адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. На самай справе, мы гналі карову з маленькім цяляткам з поля ўтраіх з суседкамі. Калі жывёлы ўжо былі на мастку і вароты ў двор адчынены, па нашай паласе пад’ехаў чырвоны аўтамабіль, спыніўся і прасігналіў проста на вуха жывёлам. Цяля спалохалася і выскачыла паміж намі на дарогу, а ў гэты час па другой паласе нёсся на вялікай хуткасціі другі аўтамабіль. Жывёліна трапіла пад яго.Сапраўдных вінаватых у здарэнні, — кіроўцаў гэтых аўто, — начальнік ДАІ апраўдаў, а мяне пакараў. Відавочна, што гэтая справа замоўленая дзеля таго каб змусіць мяне адмовіцца ад удзелу ў палітычнай кампаніі”.
18 ліпеня Наталля Ільініч падала скаргу ў суд на незаконнае і неабгрунтаванае рашэнне ДАІ РАУС Пухавіцкага раёна.
Нагадаем, што Наталля Ільніч не першы раз сутыкаецца з пераследам з прычыны сваіх палітычных перакананняў: пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года яна была звольненая са школы, дзе шмат гадоў прапрацавала настаўніцай гісторыі. У той час гэты выпадак палітычнага пераследу атрымаў вялікі розгалас, сродкі на дапамогу рэпрэсаванай настаўніцы збірала дэмакратычная грамадскасць усёй Беларусі. У тым ліку грашыма Наталлі Ільініч дапамагла і пісьменніца Святлана Алексіевіч, нобелеўская лаўрэатка, якая ў сваіх выступах прыгадвала гэты выпадак як прыклад сучасных беларускіх рэаліяў.
Тым часам на тэрыторыі акругі працягваецца збор подпісаў за вылучэнне Наталлі Ільініч кандыдатам у дэпутаты. Палітык мае цьвёрды намер працягваць кампанію.
Паводле прэс-службы Партыі БНФ