«Мы верым, што ўсё скончыцца добра. І вы не губляйце веры і надзеі!»

Апошнім часам перапіска з палітзняволенымі значна пагоршылася. У тым ліку амаль няма сувязі са Сцяпанам Латыпавым. Таму ў суполцы «Лісты салідарнасці» людзі вырашылі напісаць лісты Сцяпану, а НЧ — іх апублікаваць. Прыводзім толькі невялічкую частку з іх.

latypov_stepan.jpg


Вольга Сурма: — Я ніколі нікому яшчэ не пісала, але ўвесь час думаю пра велізарную несправядлівасць, якая адбывалася — дый працягвае рабіцца — у Беларусі многія гады, а асабліва са жніўня 2020-га. Дзякуй велізарны, што вы і такія людзі, як вы, змагаюцца з гэтым, не праходзяць міма, не заплюшчваюць вочы. Не адчайвайцеся, нішто не можа доўжыцца вечна! Так ці інакш, дабро і праўда пераможа!
Алеся Кісялёва:— Добры дзень, дарагі Сцяпан! Пішу вам з кастрычніка. І менавіта з-за вас стала пісаць іншым такім жа выдатным людзям, як вы. Бязмежна захапляюся вамі! Як кандыдат педагагічных навук магу сведчыць: вы ў поўнай меры — усебакова развітая гарманічная асоба, незвычайны чалавек, герой! Велізарны вам дзякуй за віншаванне з 8 сакавіка! І паштоўка з вожыкамі супер! Я таксама вельмі люблю вожыкаў. Сцяпан, я накіроўвала вам грашовы перавод (20 руб.), выпісала вам часопісы на красавік («Психолоджи» (псіхалогія), «Дыскаверы» і «1000 сканвордаў»). Спадзяюся, усё дойдзе. Калі першы перавод дайшоў, планую яшчэ перавесці грошай вам на атаварку. Як вы? Сэрца маё разрываецца ад болю з-за таго, што такія цудоўныя людзі, як вы, у зняволенні. Думаю пра вас кожны дзень. Што я магу зрабіць для вас? Напішыце, калі ласка. Ці атрымлівалі вы малюнкі вожыкаў ад мяне і маіх сяброў (на асобных маленькіх аркушыках)? Спадзяюся, што ў вас ужо сабралася цэлая галерэя вожыкаў. Абдымаю з павагай і любоўю. Алеся. Мае сяброўкі і сябры далучаюцца.
Віця Гурыновіч:— Уражаны вашай мужнасцю, ганаруся вамі! Жадаю вам найхутчэй выйсці на волю, а да гэтага — зберагчы па магчымасці сваё здароўе, вы патрэбны Беларусі!
Іра Азарынская:— Дарагі Вожык! За апошнія 2 месяцы напісала табе лістоў пяць. Дзівілася і трывожылася, што ты не адказваеш. І толькі сёння даведалася, у чым прычына твайго маўчання. Спадзяюся, ты ўсё ж атрымаеш мае лісты і зможаш на іх адказаць. А яшчэ я падпісала цябе на «Нашу Гісторыю»). Буду працягваць пісаць і чакаць добрых навінаў. Усім сэрцам з табой! Моцна абдымаю!
Святлана Скалковіч:— Першы раз пішу вам. Але як у жніўні даведалася пра вас, думаю вельмі часта. За гэты час часта чытаю, як многія вашы сябры распавядаюць пра вас. Мяне дзівіць ваш характар — цвёрды, мужны, годны. Вы выдатны прафесіянал, і ўсё яшчэ будзе, я абсалютна ўпэўненая! Шкада, што праблемы з дастаўкай лістоў не даюць магчымасці зносін, хай і на адлегласці. Ведаю пра тое, праз што вам давялося прайсці. Я ўсёй душой хачу паслаць вам сілы і ўпэўненасць, што вы і мы ўсе зможам пераадолець і перамагчы гэтую цемру і дзікі прымітыў. Паспрабую паслаць перавод, раптам дойдзе… Што вам цяпер неабходна ў першую чаргу? Як вы адчуваеце сябе? Пішыце пра ўсё. Вы — наш родны і блізкі чалавек. Мы любім вас і ганарымся вамі. Без вас няма нас.
Вольга Аўсюкевіч:— Выдатна, што ёсць розныя магчымасці перадаць вам паведамленне. Я адпраўляла вам ліст у лютым. Не ведаю, ці дайшло... Ведаеце, Сцяпан, ролік з вамі ёсць у мяне ў стужцы ў фэйсбуку. Я была вельмі ўражаная вашай мужнасцю ў той момант.
Гэта наогул жа дзіка, што трэба мужнасць для таго, каб сказаць праўду ці запатрабаваць выканання закона. І тым большай павагі заслугоўваюць людзі, якія дэманструюць цвёрдасць духу і стойкасць! Дзякуй вам вялікі! І жудасна несправядліва, што самыя лепшыя, самыя сумленныя і смелыя пазбаўленыя волі. Вельмі хочацца вас падтрымаць, сказаць, што многія людзі (у тым ліку і незнаёмыя вам, як я, напрыклад) пра вас думаюць і суперажываюць вам.
Калі ласка, знаходзіце ў сабе сілы заставацца на светлым баку адносна да таго, што адбываецца. Усё пройдзе — і гэта таксама. А мы будзем падтрымліваць вас адсюль. У тым ліку і паведамленнямі-светлячкамі. Абдымаю вас моцна!
Беларусы Бразіліі:— Прывітанне вам ад беларускай дыяспары ў Бразіліі. Мы ўжо некалькі разоў пісалі вам. Спадзяемся, што нашы паштоўкі даходзяць.
Мы працягваем сачыць за навінамі на радзіме, і за вашым лёсам, канешне. Працягваем спадзявацца на тое, што аднойчы вы прыедзеце да нас у Бразілію, каб упэўніцца, што не ўсе тут ходзяць у белых нагавіцах і малпы тут не на кожным дрэве:) Хаця, шчыра кажучы, залежыць ад месца. У некаторых гарадах яны сапраўды замест вавёрак:)
Мы вельмі спадзяемся на тое, што вы ў адносна добрым стане і не маеце праблем са здароўем. Мы верым, што ўсё скончыцца добра. І вы не губляйце веры і надзеі!
З павагай і захапленнем, беларуская дыяспара Бразіліі