А так можна? Андрэя Аляксандрава і яго дзяўчыну яшчэ не асудзілі, але ўжо паставілі на прафілактычны ўлік
На мінулым тыдні палітвязняў выклікалі на камісію і пачалі праводзіць рэгулярныя гутаркі.
Як паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на «БелаПАН», на мінулым тыдні журналіста Андрэя Аляксандрава і яго дзяўчыну Ірыну Злобіну, якія знаходзяцца пад вартай, выклікалі «на камісію» і праінфармавалі аб пастаноўцы «на прафілактычны ўлік як асоб, схільных да экстрэмісцкіх і дэструктыўных дзеянняў».
Цяпер з імі будуць праводзіць рэгулярныя гутаркі «ўпаўнаважаныя для гэтага супрацоўнікі».
Раней на падобны ўлік паставілі асуджаную журналістку тэлеканала «Белсат» Кацярыну Андрэеву, якая ў цяперашні час утрымліваецца ў СІЗА Жодзіна. Таксама ў падобны спіс трапілі журналіст «Новага Часу» анархіст Мікола Дзядок і яшчэ некалькі палітвязняў.
Нагадаем, Аляксандрава і Злобіну затрымалі 12 студзеня. 14 студзеня ў рамках расследавання справы прайшоў ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, дзе Аляксандраў у 2014-2018 гадах займаў пасаду намесніка дырэктара.
Аляксандраў і Злобіна падазраюцца ў фінансаванні пратэснай дзейнасці. Намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч раней заявіў, што яны рабілі гэта «ў тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампенсацыі ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ».
Паводле яго слоў, з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў на розныя прозвішчы. Грашовыя сродкі для гэтых мэт былі прадастаўлены фондам By_Нelp. Аляксандрава абвінавачваюць па ч.1 і ч.2 арт. 342 КК («Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і фінансаванне такой дзейнасці»).
Праваабаронцы лічаць дзейнасць Аляксандрава і Злобінай законнай, а іх пераслед з боку ўлад — палітычна матываваным.
Раней тэрмін зняволення журналісту і яго дзяўчыне працягнулі да 12 красавіка.