Латушка патлумачыў, чаму Лукашэнка так баіцца пратэснай вясны
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка лічыць, што адна з галоўных прычын, па якіх улады баяцца вясновых пратэсных выступленняў, — гэта бедныя запасы, якіх «не хопіць хунце».
Палітык кажа, што беларуская эканоміка сёння «знаходзіцца ля краю прорвы», а «дубінкі не працуюць бясплатна», перадаюць naviny.online.
«Дзякуючы сумленным чыноўнікам мы даведаліся, што Нацбанк правёў эканамічна неабгрунтаваную эмісію ў другім паўгоддзі 2020 года, каб хоць неяк утрымаць рэжым на плыву. Плата за гэта — інфляцыя, якую спрабуюць утрымаць пастановай аб абмежаванні росту цэн. Але эканоміка так не працуе», — адзначыў Латушка.
Ён лічыць, што праз некалькі месяцаў Беларусь сутыкнецца з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты.
«Акупанты ўвядуць абмежаванні на валютныя аперацыі, на зняцце дэпазітаў — або папросту пачнуць рабаваць нашы рахункі. Цяпер уся іх надзея — толькі на нашы грошы», — паведаміў кіраўнік НАК.
У сувязі з гэтым ён прапануе пачаць акцыю «банкамат — абменнік — банк», сутнасць якой заключаецца ў тым, каб забіраць дэпазіты, здымаць грошы з картак і пераводзіць іх у замежную валюту.
Гэтая акцыя, паводле слоў Латушкі, «сёння па сілах кожнаму, хто хоча перамен».
Адначасова з гэтым ён прапануе «вулічны пратэст супраць хунты».