Як напалохаць улады
Улады не далі грамадзянам адзначыць Дзень Волі так, як яны таго хацелі, — на вуліцы. Але ці значыць гэта, што «пратэст садзьмуўся»? І ці не дасягнула грамадства некаторых мэтаў проста самім фактам гэтага свята?
Перад 25-м сакавіка ў Мінск былі сцягнутыя ці не ўсе сілы рэпрэсіўнай машыны. У горад прыгналі БТРы, якія паставілі ля ўрадавых будынкаў. Цэнтральныя вуліцы патрулявалі «аліўкі» і «масліны». Горад выглядаў так, нібы аказаўся ў акупацыі. Зразумела, масавую акцыю пратэсту ў такіх умовах не правядзеш.
Але нават гэта можна лічыць дасягненнем. Па-першае, для ўлад крытычна важна прадэманстраваць, што сітуацыя ў краіне вярнулася ў норму, што ўсё будзе як і раней. Гэтая мэта была праваленая. І, як ні дзіўна, галоўнай прычынай таму сталі не самі беларусы, а тая паранойя, што ахапіла лукашэнкаўскі рэжым.
Калі на вуліцах БТРы — гэта не адпавядае вобразу нармальнасці і спакою, да якога імкнецца рэжым. Але імкнецца, як заўсёды? нягегла. Узяць хаця б заяву МУС па Дні Волі. У першых радках ведамства паведамляе, што «анансаваныя дэструктыўнымі Telegram-каналамі маштабныя пратэсты 25 сакавіка не адбыліся». А напрыканцы кажа: «За парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у краіне затрымана больш за 200 чалавек».
Як казаў паэт Навум Каржавін, «плюралізм у адной галаве — гэта шызафрэнія». Два меркаванні ў адной галаве, калі пратэстаў не было, але за іх затрыманыя сотні чалавек — шызафрэнія таксама.
Па-другое, дзеянням улад якраз добра пасуе канцэпцыя «эканамічнага супраціву». Колькі паліва спалілі войскі, якія перакідваліся ў Мінск? Колькі каштаваў пралёт (і не адзін) верталёта з відэатэхнікай над Мінскам? Колькі «сухпайкоў» выдалі вайскоўцам? Гэта ўсё — грошы. І грошы немаленькія. А чым больш марнуе грошай улада на сваю паранойю, тым менш у яе застаецца. А новых грошай ёй ніхто не дае.
І ўжо відавочна тое, што ва ўладным асяроддзі ідзе барацьба за рэсурсы. Сілавікі прыдумляюць новыя «жахі» для Лукашэнкі, каб атрымаць ад яго больш профітаў. Усе мы памятаем, як старшыня КДБ Іван Церцель расказваў пра безліч тратылу, які КДБ смачна выкрыла і сканфіскавала. За гэта Церцель, напэўна, атрымаў «плюсікі ў карму».
А што МУС, ці горшае? Міліцыянты таксама «выкрылі» тое, што Церцель не ўсю выбухоўку канфіскаваў, і нібыта перапынілі спробы тэрактаў. Канешне, тое, што паказана ў міліцэйскім роліку — балон ад вогнетушыцеля ды іншыя рэчы, — можна свабодна набыць у беларускіх крамах, і нічога асабліва выбуховага там няма. Але хто ў гэтым разбіраецца? Галоўнае — заявіць, што «прадухілілі тэракты», згуляць на страху дыктатара ды таксама атрымаць профіт.
Не горшая і Генпракуратура, якая завяла справу за падрыхтоўку тэрактаў на… Святлану Ціханоўскую, якая ўжо восем месяцаў знаходзіцца па-за межамі краіны. Вось толькі цікава, ці ўзгадаў нехта ў гэтай пракуратуры, якім чынам Ціханоўская трапіла за мяжу? Ці ўспомнілі яны словы Лукашэнкі, што менавіта ён даў Ціханоўскай 15 тысяч долараў, каб яна з’ехала з краіны? Карацей, ці будзе Лукашэнка сведкам па гэтай справе?
Гэта ўсё было б даволі смешна, калі б улады не перагнулі палку, абвінаваціўшы ў «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці» кіраўніцтва Саюза палякаў і ў прыватнасці яго лідарку Анжаліку Борыс. Той жа артыкул «навесілі» і Андрэю Пачобуту.
Канешне, польская меншасць ці не ўвесь час знаходзілася «пад ударам» улады. Але цяпер гэтае супрацьстаянне набыло новы маштаб. Напрыклад, Смаргонская пракуратура запатрабавала збіраць звесткі пра асоб, якія навучаліся польскай мове, у тым ліку непаўналетніх. А гэта ўжо мяжуе з этнічнымі чысткамі.Борыс і Пачобут, як піша польская «Rzeczpospolita», — гэта людзі, якія асабіста ведаюць польскага прэзідэнта, кіраўніка ўрада, многіх міністраў, рэдактараў найбуйнейшых СМІ. Адразу пасля іх затрымання польскі прэзідэнт Анджэй Дуда правёў перамовы па гэтым пытанні з кіраўніцтвам АБСЕ, ААН і Савета Еўропы. Польскі прэм’ер Матэуш Маравецкі падняў «беларускае пытанне» на саміце Еўрапейскай Рады (найвышэйшы палітычны орган ЕС), — хаця сітуацыю ў Беларусі там разглядаць не планавалі. Больш за тое, ён заявіў, што прапануе Літве і Латвіі «абмежаванне перамяшчэння тавараў» праз мяжу. Калі Варшава дамовіцца з Вільняй і Рыгай, гэта будзе беспрэцэдэнтны крок і наймацнейшы з усіх, якія Захад зрабіў з пачатку масавага тэрору супраць беларусаў.
«Таваразварот Польшчы з Беларуссю — 3 мільярды долараў. Для Польшчы гэта нішто — у параўнанні з амаль 100-мільярдным таваразваротам хаця б з той жа Германіяй. Варшава перажыве. Але ці перажыве Мінск, калі гандлёвыя сувязі з краінамі ЕС цалкам заблакуюць, калі Варшава не саступіць і пойдзе на беспрэцэдэнтныя крокі? А што скажа Масква Лукашэнку, калі Мінск у адказ заблакуе мяжу ў іншы бок, і шматкіламетровыя заторы з расійскіх фур стануць на мяжы? А падобна да таго, што Польшча не саступіць», — піша тая ж «Rzeczpospolita».
Не трэба забывацца і на тое, што Польшча з’яўляецца краінай, якая шмат у чым фарміруе «ўсходнюю павестку» ўсяго Еўрапейскага саюза. Так што беларускія ўлады ў чарговы раз нарваліся, і нарваліся вельмі моцна.
Так што наперадзе ва ўлады — нічога добрага. А што тычыцца свята, якое гэтым разам улада правесці не дазволіла… Справа ў тым, што ў народа апрыёры большы рэсурс, чым ва ўлады. І людзі могуць выходзіць на вуліцы калі заўгодна і калі захочуць. Не атрымалася сёння — выйдуць заўтра. Не заўтра — дык паслязаўтра. Не ў гэтыя выхадныя, дык у наступныя. У любы час і ў любы момант.
Ці хопіць ва ўлады паліва ці, дакладней, грошай на паліва, каб штотыдзень ганяць у Мінск БТРы? Вельмі сумнеўна. Тым больш, што ўзяць грошы ужо амаль няма дзе.