Дзярждэп ЗША: Мы працягнем падтрымліваць беларусаў

«Мы працягнем падтрымліваць беларусаў. Дзярждэпартамент пастаянна пераглядае санкцыі», — заявілі ў Дзярждэпе ЗША 31 сакавіка падчас тэлефоннага брыфінгу для прэсы з нагоды апублікавання штогадовага даклада аб правах чалавека.

111nf1999_5.jpg


— Адміністрацыя Джо Байдэна лічыць рэжым Аляксандра Лукашэнкі аўтарытарным, выступае за вызваленне палітвязняў, за мірны дыялог і правядзенне свабодных і справядлівых выбараў.

Мы глыбока заклапочаныя сітуацыяй у Беларусі. І ў той жа час вельмі натхнёныя беларусамі, асабліва беларускімі жанчынамі, якія мірна пратэстуюць за свае правы і будучыню Беларусі. Мы працуем над наступнымі крокамі, механізмамі ўздзеяння. Таксама Дзярждэпартамент пастаянна пераглядае санкцыі, — так пракаментавалі сітуацыю ў Беларусі ў Дзярждэпартаменце ЗША, паведамляе «Еўрарадыё».

30 сакавіка Дзярждэп ЗША апублікаваў даклад аб выкананні правоў чалавека ў Беларусі ў 2020 годзе. У дакуменце адзначаецца, што «Беларусь — аўтарытарная дзяржава, у якой уся ўлада засяроджаная ў руках Аляксандра Лукашэнкі і няма магчымасці для правядзення свабодных і справядлівых выбараў».

Шмат увагі ў дакладзе аддаецца масавым пратэстам у Беларусі: «Краіна перажыла масавыя грамадзянскія хваляванні пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, калі дэманстранты пратэставалі супраць шырока распаўсюджанай фальсіфікацыі вынікаў галасавання... супраць шырокага прымянення ўрадам грубай сілы супраць мірных дэманстрантаў і іх затрыманняў».

Аўтары даклада згадваюць выпадкі «адвольных забойстваў» (згадваюцца Аляксандр Тарайкоўскі, Раман Бандарэнка), «катаванні ў месцах утрымання пад вартай», адвольныя арышты і затрыманні, пераслед журналістаў, блакаванне інтэрнэту, «адвольнае або незаконнае ўмяшанне ў прыватнае жыццё», «сур’ёзныя праблемы з незалежнасцю судовай улады».

Дзярждэп ЗША адзначае, што ўлады Беларусі «на ўсіх узроўнях, як правіла, дзейнічалі беспакарана і заўсёды не прымалі мер па судовым пераследзе або пакаранні службовых асоб урада або сіл бяспекі, якія ўчынілі парушэнні правоў чалавека».