«Мне, вядома, сорамна, няёмка, але ўжо як ёсць». Што кажа лукашэнкавец, які ўчора ў Брэсце ўдарыў доктара

Працяг гучнай гісторыі.

115750306_1921973547938184_4903440791006667331_n_logo_1_1.jpg

Мужчына ў Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ўдарыў медыка па твары. Відавочцы знялі гэты момант на відэа і даслалі ў прэсу. Tut.by верыфікаваў інфармацыю.

Мяркуючы па відэазапісе, невядомы мужчына лаяўся матам і казаў медыку:

— Чуеш? Супраць Лукашэнкі? Што, не верыш? А ты сёння лекар? Ты ж учора супраць Лукашэнкі... — пасля гэтых слоў ён ударыў медыка па твары.

У кадры з'явіўся міліцыянер і адвёў нападніка. Медык выглядае разгубленым.

Ва УУС Брэсцкага аблвыканкама распавялі, што інцыдэнт быў 5 студзеня.

— Па гэтым факце Ленінскае РАУС праводзіць праверку, — расказала афіцыйны прадстаўнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук.

Звязацца з прадстаўнікамі Брэсцкай гарадской бальніцы СМП пакуль не ўдалося.

Што кажа нападнік?

Ім аказаўся Мікалай, яму 55 гадоў, жыве ў Брэсцкім раёне, працуе кіроўцам школьнага аўтобуса. Ён пагадзіўся выкласці сваю версію падзей. Кажа, 5 студзеня знаходзіўся ў Брэсце, быў п'яны, «зваліўся на прыпынку, разбіў галаву».

— Да мяне падышлі два амапаўцы — ветлівыя хлопцы, выклікалі хуткую дапамогу. 

Так мужчына трапіў у прыёмнае аддзяленне бальніцы.

— А ў мяне такая палітыка — я за цяперашнюю ўладу, за прэзідэнта. Чаго ім не хапае (пратэстоўцам)? Нармальна ж жывем!

Мужчына ведае пра пратэсты медыкаў у Беларусі, гэтай з'явай ён незадаволены. Распавёў, што ў прыёмным аддзяленні стаў казаць супрацоўнікам хуткай дапамогі, што ён думае пра гэта і пра Лукашэнку — каб самога не прынялі за пратэстоўца.

— Яны (медыкі — прым.) мне сказалі: «За каго ты, за каго?». І сталі мяне тузаць, адзін узяў за шыю! Калі б яны мяне не патузалі, я б нікога не ўдарыў!

Што ўкладвае мужчына ў слова «тузаць», падрабязней даведацца не ўдалося.

Пасля канфлікту, які трапіў на відэа, У бальніцы Мікалаю аказалі дапамогу.

— Апрацавалі рану, абследавалі і адпусцілі. На другі дзень мне патэлефанаваў участковы і сказаў, што трэба сустрэцца.

Аб тым, што відэа з яго паводзінамі ўжо шырока разышлося ў сацыяльных сетках, мужчына ведае.

— Мне, вядома, сорамна, няёмка, але ўжо як ёсць.

Напрыканцы ён дадаў, што сваіх палітычных перакананняў працягне прытрымлівацца.