Міліцыянты прыехалі ў кватэру магілёўца, каб зняць сцяг, але забралі ўсю тэхніку
Пракурор выдаў санкцыю на выняцце сцяга, а міліцыянты забралі ўсю тэхніку, у тым ліку старыя цвёрдыя дыскі, якія не працуюць. І нават кубачак з Пагоняю са стала, распавядае Белсат.
Кватэра Аляксея знаходзіцца на першым паверсе і сцяг на балконе быў добра бачны з вуліцы. Фота: Вольга Васільева, belsat.eu
Да жыхара Магілёва Аляксея Барысава 6 снежня прыехалі міліцыянты з Ленінскага РАУС, каб агледзець жытло з санкцыі пракурора. Падставаю стаўся бел-чырвона-белы сцяг на гаўбцы.
Аляксей жыве на першым паверсе шматкватэрнага дому ў мікрараёне «Тэхнапрыбор». Бел-чырвона-белы сцяг вісеў на вяроўках для бялізны на ягоным гаўбцы з два тыдні.
6 снежня Аляксею пазваніў маёр Ленінскага РАУС Яўген Назараў і запрасіў на размову, а пры сустрэчы адразу пазнаёміў мужчыну з санкцыяй пракурора на агляд кватэры ды выняцце сцяга.
«Агляд у маёй кватэры праводзілі тры міліцыянты: маёр Ленінскага РАУС Яўген Назараў, начальнік аддзелу аховы правапарадку Цімур Пахоменка і яшчэ адзін, які не назваў свайго імя. З іх трох Назараў быў самы адэкватны, азнаёміў мяне з маімі правамі і абавязкамі, астатнія паводзілі сябе нахабна. Пахоменка хадзіў па маёй кватэры, нібы ён тут гаспадар, паказваў пальцам, што трэба забраць.
Міліцыянт, які не назваўся, прычапіўся да фотаздымка Рамана Бандарэнкі і пачаў абражаць яго, пасля дрэнна выказаўся пра Аляксандра Тарайкоўскага і нават майго спачылага бацьку, чый партрэт стаіць у пакоі, назваў злачынцам», – дзеліцца ўражаннямі Аляксей Барысаў.
Міліцыянты найперш знялі і забралі сцяг з гаўбца Аляксея, а таксама бел-чырвона-белы сцяг, які знайшлі ў пакоі. Нават кубачак з Пагоняю са стала забралі. Тое самае зрабілі і з тэхнікай, якой у Барысава было шмат: мужчына займаецца рамонтам.
«Відэакамеру, ноўтбук, флэшку, сістэмны блок і пяць старых вінчэсцераў – яны ўсё забралі. Таксама забралі ўлёткі са Святланаю Ціханоўскай, якія ў мяне засталіся з перадвыбарчай кампаніі, я тады ўваходзіў у магілёўскі штаб «Страны для жизни». Выняцце сцягоў міліцыянты патлумачылі тым, што гэта робіцца, каб не дапусціць парушэння мной артыкулу 23.34 КаАП. А тэхніку вынялі, каб спраўдзіць на прадмет правапарушэння. Ніякіх дакументаў мне не пакінулі, маўляў, сведкі прысутнічалі, значыць, усё законна», – патлумачыў Аляксей, як адбываўся агляд ягонай кватэры.
Каб пазбегнуць выняцця тэхнікі, Аляксей спачатку запрапанаваў міліцыянтам, што самастойна здыме сцяг і прынясе яго ў РАУС. Яму адмовілі і запатрабавалі адчыніць кватэру. Калі б Аляксей не падпарадкаваўся, яму б пагражаў артыкул 23.4 КаАП («Непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі»).
«Пакуль міліцыянты праводзілі агляд, яны ўвесь час мяне правакавалі. Я думаю, хацелі падставіць, каб я раззлаваўся, нешта сказаў ім, абразіў. Але я трымаўся. Хаця словаў проста няма. Як так можна прыйсці па сцяг і забраць усю тэхніку? Я не разумею, чаму ў нас у краіне закон не дзейнічае для простых людзей. Чаму людзям у форме можна ўсё, а простым людзям – нічога. Гэта прыкра. Такімі дзеяннямі яны настройваюць супраць сябе», – кажа Аляксей Барысаў.
Пасля агляду кватэры міліцыянты запатрабавалі ехаць па тэлефон Аляксея, пакінуты ім у сябра, і забралі яго таксама. Барысава выклікаюць 9 снежня ў Ленінскі РАУС для апытання і складання пратаколу па арт. 23.34 КаАП.