«Нават кубак з «Пагоняй» забралі». Міліцыя канфіскавала ў магілёўца ўсё з БЧБ-сімволікай, маўляў, суседзі скардзіліся

У магілёўца Аляксея Барысава міліцыя канфіскавала кампутарную тэхніку, тэлефон, два бел-чырвона-белыя сцягі, улёткі з перадвыбарнай кампаніі Святланы Ціханоўскай, паштоўкі і плакаты з ёй. Прычына, піша TUT.BY, «прафілактычныя меры па недапушчэнні парушэння артыкула 23.34».

Ілюстрацыйны здымак. TUT.BY

Ілюстрацыйны здымак. TUT.BY

Маёмасць Аляксея Барысава канфіскавалі 6 снежня. Па словах Барысава, раніцай яму патэлефанаваў супрацоўнік Ленінскага РАУС Яўген Назараў, сказаў, што трэба сустрэцца — «правесці гутарку». Назараў прыехаў з яшчэ адным супрацоўнікам міліцыі і адразу прад'явіў Барысаву санкцыю пракурора на агляд яго кватэры.

У кватэру міліцыянт Назараў з калегам падняўся на агляд толькі тады, калі прыехаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Магілёва Цімур Пахоменка.

— Прычынай агляду кватэры і канфіскацыі рэчаў міліцыянты назвалі «прафілактычныя меры па недапушчэнні здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння». Адзін міліцыянт сказаў, што на мяне суседзі скардзяцца — праз тое, што на балконе вісіць БЧБ-сцяг, — распавёў Аляксей Барысаў.

Канфіскавалі не толькі сцяг, але і ўсё, што было з БЧБ-сімволікай. «Нават кубак з «Пагоняй», які мне на дзень нараджэння падарылі, і той забралі», — кажа магілёвец.

Таксама забралі ноўтбук, чужы кампутар, тэлефон. Барысаву сказалі, што тэхніку будуць даследаваць на прадмет правапарушэння. Пратакол канфіскацыі склалі пры панятых, але ніякіх дакументаў міліцыянты Барысаву не выдалі.

Што будзе з канфіскаванай у яго маёмасцю, Аляксей зможа даведацца не раней, чым праз тыдзень: міліцыянты сказалі тэлефанаваць пасля 14 снежня.