Матэрыялы па «справе Белгазпрамбанка» перададзеныя ў Інтэрпол — КДБ
Віктар Бабарыка адмовіўся прызнаваць віну. Старшыня КДБ лічыць, што прычына таму — «нізкі прафесіяналізм адваката», а гэта «ўплывае на пазіцыю падсуднага», паведамляе «Еўрарадыё».
Запыты па "справе Белгазпрамбанка" накіроўваліся ў праваахоўныя органы парадку 40 краін, а матэрыялы перададзеныя ў Інтэрпол, паведамляе агенцтва Sputnik Беларусь са спасылкай на старшыню КДБ Івана Церцеля. Гэты крок ён патлумачыў тым, што ў справе фігуруюць "дастаткова складаныя фінансавыя схемы".
"Запыты адпраўляліся па лініі Генпрапкуратуры. Цяпер наўскідку не скажу, але, напэўна, на тэрыторыю 40 краін. Хтосьці адказваў, хтосьці не паспеў", — сказаў Церцель.
Ён таксама выказаў сваё меркаванне з нагоды адмовы экс-кіраўніка банка Віктара Бабарыкі прызнаваць віну. Церцель лічыць, што ўсяму віной "вельмі слабая адвакацкая падтрымка".
"Нізкі прафесіяналізм адваката ўплывае на пазіцыю падсуднага", — мяркуе Церцель.
4 лютага ў будынку суда Маскоўскага раёна прайшло папярэдняе пасяджэнне па "справе Белгазпрамбанка". На пасяджэнні прысутнічалі топ-менеджары банка, якія пагадзіліся на супрацоўніцтва са следствам. Віктар Бабарыка сваёй віны не прызнае і не пайшоў на пагадненне. Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры і "адмыванні" грошай. Асноўнае пасяджэнне па справе пачнецца 17 лютага.
Ператрусы і затрыманні топ-менеджараў "Белгазпрамбанка" пачаліся ў чэрвені 2020 года — пасля рашэння Віктара Бабарыкі балатавацца ў прэзідэнты.