Валанцёру штаба Бабарыкі налічылі 115 тысяч рублёў шкоды. Ён нават не разумее, у чым яго вінавацяць
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска раніцай 9 лютага пачаўся працэс над кіраўніком Ruin Bar ОК16 і валанцёрам выбарчага штаба Віктара Бабарыка Лявонам Халатранам. Справу разглядае суддзя Юлія Блізнюк, пазіцыю дзяржаўнага абвінавачвання падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Павел Папкоў.
Лявон Халатран быў затрыманы 11 жніўня 2020 года і моцна
збіты, нагадвае «Вясна». Спачатку яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Удзел у масавых беспарадках», аднак у снежні абвінавачванне перакваліфікавалі
на ч. 1 арт. 342 КК — «Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак».
Лявон Халатран жанаты, у яго ёсць маленькі сын. Раней да
крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Праваабарончая супольнасць Беларусі
прызнала Лявона Халатрана палітычным вязнем.
У судзе забаранілі відэа і фотаздымку, хаця абвінавачваны
быў не супраць. Лявон Халатран хадайнічаў аб вяртанні справы ў пракуратуру для
выпраўлення граматычных і пунктуацыйных памылак, аднак суддзя такое хадайніцтва
не задаволіла.
Згодна з абвінавачваннем, Лявон Халатран прыняў актыўны
ўдзел у групавых дзеннях ў ноч з 9 на 10 жніўня, якія пацягнулі грубае
парушэнне грамадскага парадку, а менавіта публічна заклікаў людзей да такіх
дзеянняў праз інтэрнэт, перакрываў дарогі па вуліцах Багдановіча-Машэрава і
Куйбышава-Машэрава ў Мінску, перашкаджаў руху транспарта, выкрыкваў лозунгі,
гучна пляскаў у далоні. Нанесеная нібыта Лявонам шкода Мінсктрансу складае 115
000 рублёў.
Сваёй віны Лявон Халатран не прызнае.
У судзе хацелі дапытаць жонку Лявона — Яну Смаляга, але яна
адмовілася сведчыць супраць мужа.
Суд дапытаў самаго Лявона. Ён сцвярджае, што ніякіх
супрацьпраўных дзеянняў не здзяйсняў, а 11 жніўня яго груба затрымлівалі
супрацоўнікі ГУБАЗіК. Па словах палітвязня, 9 жніўня ён прачнуўся, пайшоў
галасаваць, пасля паехаў у штаб Віктара Бабарыкі, у мітынгах удзелу не прымаў.
Лічыць, што абвінавачванне звязанае з яго ўдзелам ў ініцыятыўнай групе Віктара
Бабарыкі.
Калі Лявона затрымалі, то адвезлі ў ГУБАЗіК, дзе паставілі да
сцяны, рукі скруцілі за спіной хамутамі, пачалі збіваць. Міліцыянеры прасілі
аддаць пароль ад тэлефона, каб яны спынілі збіццё — Лявон даў пароль.
На Акрэсціна ў ІЧУ палітвязень прасіў зняць пабоі, аднак
медыцынскі агляд адбыўся толькі праз два тыдні. Пасля ў медыцынскіх дакументах
адсутнічала фатаграфія ілба, дзе была буйная драпіна.
На працэсе былі дапытаныя сведкі. Марыя Грышчанка распавяла,
што гуляла ў ноч з 9 на 10 жніўня па вул. Машэрава і Старажоўская, але Лявона
не бачыла.
Яшчэ адна сведка Таццяна Бабчонак з палітвязнем не знаёмая,
але мабільны тэлефон, зарэгістраваны на яе імя, быў знойдзены ў Лявона пры
затрыманні. Жанчына кажа, што тэлефонам карысталася яе дачка Паліна, якая
таксама была затрыманая 11 жніўня.
Дзяржабвінаваўца зачытаў раздрукоўкі тэлефонных перамоваў
розных людей, у іх няма ніякіх пацверджанняў вінаватасці Лявона Халатрана, ён
увогуле не з'яўляецца ўдзельнікам часткі размоў.
У судзе аб'яўлены перапынак да 16 лютага.
Адвакат валанцёра штаба Бабарыкі Лявона Халатрана Уладзімір Пыльчанка пракаментаваў вынікі першага дня судовага працэсу:
— Абвінавачванне, як казаў мой падабаронны, складзена
такім чынам, што зразумець яго сэнс практычна немагчыма. Лявон прасіў суд у
адпаведнасці з КПК растлумачыць сутнасць таго, у чым яго абвінавачваюць. Абвінавачванне
складаецца з чатырох старонак, з іх тры — гэта суцэльны тэкст з адной кропкай.
У гэтай грувасткай лексічнай канструкцыі зразумець, што мелася на ўвазе, вельмі
складана любому чалавеку. Да канца Лявон не разумее, у чым ён абвінавачваецца.
Абарона таксама спрабуе расшыфраваць, у чым яго абвінавачваюць.