BYPOL: У КДБ пачаліся чысткі супрацоўнікаў, якія летам падпісаліся не за Лукашэнку
У Камітэце дзяржаўнай бяспекі пачаліся чысткі супрацоўнікаў, якія летам у перыяд збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты паставілі подпіс не за Лукашэнку, паведамляе ініцыятыва BYPOL
У BYPOL адзначаюць, што раней ужо ўздымалася пытанне пра звальненне тых, хто падпісаўся за альтэрнатыўных кандыдатаў, аднак тады з-за цэйтноту і кадравага дэфіцыту на фоне пастаянных пратэстаў да крайніх мер не дайшло. Прычым чысткі закранулі нават пенсіянераў, якіх западозрылі ў нелаяльнасці да рэжыму Лукашэнкі.
За подпісам дзейнага кіраўніка КДБ Івана Церцеля з’явіўся спіс пенсіянераў, якіх неабходна зняць з вайсковага ўліку ў КДБ, і паставіць на ўлік на агульных падставах у раённыя ваенкаматы па месцы рэгістрацыі. Акрамя таго, такіх пенсіянераў здымаюць з уліку ў паліклініцы КДБ, анулююць іх пропуску ў медустанову — і адпраўляюць на абслугоўванне ў паліклініку па месцы жыхарства.
Сярод пазбаўленых прывілеяў аказаліся нават экс-кіраўнік КДБ Уладзімір Мацкевіч і экс-кіраўнік Службы аховы прэзідэнта Юрый Бародзіч.
BYPOL з сумам канстатуе, што афіцэры патрэбныя ўладзе толькі да тых часоў, пакуль могуць служыць ды трымаць у руках аўтамат. А пасля — яны ператвараюцца ў абузу.