Масавыя ператрусы і затрыманні ў Дзяржынску. Хронікі рэпрэсій 18 красавіка
У Дзяржынску апошнімі днямі адбываюцца затрыманні і ператрусы. Вядома, што яны тычацца ўдзелу ў паслявыбарчых акцыях пратэсту — людзям інкрымінуюць «народны» арт. 342 КК. Паводле відавочцаў, дзяржынцаў сапраўды пераследуюць па «народнаму» артыкулу, бо частка затрыманых — людзі з суседніх дамоў адной вуліцы.

Паведамляецца, што нагодай для пераследу сталі «пратэсныя» фотаздымкі і відэа, па якіх ідэнтыфікуюць удзельнікаў акцый.
Вядома пра прыкладна пяць затрыманых, дакладная колькасць людзей, што трапілі пад пераслед, высвятляецца.
Сілавікі знайшлі чатырох непаўналетніх у Гродне і вобласці, якія распаўсюджвалі экстрэмісцкія матэрыялы
Тых, хто распаўсюджваў, знайшлі сілавікі падчас маніторынгу інтэрнэту. Па выніках праверак усіх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 19.11 КаАП. Як менавіта падлеткаў пакаралі, невядома. Пра гэта напісана ў матэрыялах УУС Гродзенскага аблвыканкама для членаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп за кастрычнік 2024 года. Дакумент трапіў у распараджэнне рэдакцыі @nebovkletku.
Таксама падлеткі нібыта пашкодзілі дзяржаўную сімволіку, абражалі ў Інтэрнэце Лукашэнку, адпраўлялі даныя аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі ў «Беларускі Гаюн».
У тым жа дакуменце сілавікі напісалі, што ў 2024 годзе раскрылі дзейнасць групоўкі «Карны батальён» «з беларускіх неанацыстаў».
«Указаная група запалохвала і збівала жыхароў раённага горада, планавала забойства прадстаўніка органаў улады і кіравання, а таксама падрыў аб'екта інфраструктуры. Цяпер фігуранты затрыманыя», — напісалі сілавікі. Публічна пра дзейнасць «Карнага батальёна» не паведамлялі.
У 2024 годзе да адміністрацыйнай адказнасці па арт.19.11 КаАП АУС Гродзенскай вобласці прыцягнулі 1557 грамадзян.
Фотафакт: як змяніўся за 5 гадоў зняволення Руслан Парфёнаў з Мазыра

Флагшток параўнаў, як зняволенне змяніла знешне 45-гадовага актывіста.
Сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай цалкам адбыў 5-гадовы тэрмін за «масавыя беспарадкі», вызваліўся і эвакуяваўся з Беларусі, паведамляе «Гомельская вясна» і прыводзіць вялікае інтэрв'ю з актывістам.
У размове Руслан распавёў, што адбывалася падчас зняволення з ім і іншымі вядомымі асобамі, у тым ліку Віктарам Бабарыкам, назваў імёны катаў, запэўніў, што не збіраецца «мірыцца з тым, што не адпавядае рэчаіснасці».
Стала вядома пра смерць 22-гадовага хлопца, якога асудзілі па палітычнай крымінальнай справе
Расціслаў Чаховіч нарадзіўся 5 верасня 2002 года ў Віцебску, там і жыў. Мяркуючы па сацсетках, цікаўнасці Расціслава былі, так бы мовіць, простыя чалавечыя — аўтамабілі, музыка, спорт, апрацоўка фота.
На момант суда, які адбыўся ў лістападзе 2021 года, было вядома, што ў Расціслава анкалогія і 3 група інваліднасці. Яго вінавацілі ў тым, што ён у жніўні-лістападзе 2020 года намаляваў графіці на прыпынках і вуліцах.
Па артыкуле 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці» яму пагражала ад штрафу да 3 гадоў калоніі. Чаховічу далі меншае пакаранне — штраф памерам 290 рублёў. Магчыма, прынялі ва ўвагу яго хваробу.
Суд прызнаў яго графіці «Сыходзь, таракан, 3%» непалітычнымі, але адметна, што міліцыя дадала яго ў спіс экстрэмістаў, куды за звычайнае «псаванне маёмасці» не ўносяць.
Дакладная дата смерці Расціслава невядомая. У сацсетках ён не з'яўляўся з красавіка 2024 года, піша «Наша Ніва».
Праект «ЧестнОК» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.
Яны суправадзілі допіс пра прызнанне праекта «экстрэмісцкім» фотаздымкамі журналістаў і блогераў Яраслава Пісарэнкі і Аляксандра Івуліна.
Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Андрэя Кузьменчука — яго збіраюцца судзіць завочна
53-гадоваму Андрэю інкрымінаваная ч. 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).
Яго заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Брэсцкай вобласці.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 50 прозвішчаў — цяпер у ім 5192 чалавекі
18 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі палітзняволенага Уладзіміра Шпака, а таксама яшчэ 44 беларуса і беларускі, асуджаных паводле «народнага» арт. 342 КК, піша "Вясна".
Палітзняволенай Алене Лазарчык дадалі яшчэ паўтара года зняволення
Актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Алену Лазарчык нядаўна асудзілі па чарговай крымінальнай справе. Гэтым разам яе прызналі вінаватай паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі) і прызначылі яшчэ паўтара года калоніі ў дадатак да васьмі гадоў зняволення.
Калі быў вынесены прысуд, невядома, піша @belsat. Вядома, што на судзе Алена адмовілася ад паслуг адваката.
Алена — ужо пятая жанчына, асуджаная паводле арт. 411 КК. Пасля таго, як прысуд набудзе моц, яе перавядуць у жаночую калонію строгага рэжыма № 24 у Зарэччы. Па сведчаннях былой палітзняволенай Антаніны Канавалавай, у гомельскай калоніі № 4 Алена адседзела больш за 90 сутак у ШІЗА, больш за 60 дзён у ПКТ.
Пачынаецца завочны суд над заснавальнікамі BYSOL, BY_Help і іншымі актывістамі
На 18 красавіка ў Гомельскім абласным судзе прызначаны разгляд завочнай крымінальнай справы ў дачыненні да сямі актывістаў і актывістак: Андрэя Стрыжака, Аляксея Лявончыка, Яраслава Ліхачэўскага, Аляксея Кузьмянкова, Аляксандра Лапко, Аляксандры Жук і Аляксандра Падгорнага.
Кожнаму з фігурантаў справы інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Спецвытворчасць у дачыненні да актывістаў і актывістак пачалі ў снежні 2024-га году.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» адукацыйную платформу «Васьміног»
Адпаведнае рашэнне было прынятае КДБ 16 красавіка.
Паводле ведамства, дачыненне да праекту мае Аляксей Канстанцінаў.
Праграма «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» накіраваная на адукацыйныя праекты для беларускіх школьнікаў, стварэнне інавацыйнай навучальнай анлайн-платформы для транспамежнай беларускаарыентаванай адукацыі і працу некалькіх каманд даследчыкаў.
8 красавіка сайт платформы і Facebook-старонку суд Драгічынскага раёну прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі.