У Беларусі +7 новых палітвязняў. Хронікі рэпрэсій 15 красавіка

Гэта Генадзь Іванчыкаў, Аляксей Семянок, Ігар Драбышэўскі, Дзяніс Белаголаў, Наталля Белакурская, Мікалай Снытко, Аляксандр Горбель. «Вясна» расказвае, хто гэтыя людзі і чаму іх прызналі палітзняволенымі. 

1_1097_1.png

Супраць палітзняволенай Аляксандры Каско распачалі яшчэ адну крымінальную справу

@MAYDAYMog стала вядома, што дзяўчыну перавялі ў Следчы ізалятар у Баранавічах.

Нагадаем, жыхарка Ваўкавыска Аляксандра Каско была затрымана 9 лютага 2023 года пасля прыезду ў Беларусь. Яе абвінавацілі па 8 артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», і асудзілі да 10 гадоў калоніі.

У мінулым траўні Аляксандру судзілі ў другі раз — за «абразу прадстаўніка ўлады» і «абразу суддзі».

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» Telegram-канал «Союз Матерей Беларуси»

Гаворка таксама пра чат ініцыятывы і яе лагатып. Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Ленінскага раёну Гродна 10 красавіка.

Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі:

  • Telegram-каналы і чаты «EternalWar», «Syndicate_95», «Акцыi "УЛЬТЫМАТУМ"», «ГЦУ ТЭРОР»;
  • Instagram старонкі «Голос Беларуси», «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ», «Суполка беларусаў Нарвегіі», «belarusy_sacramento», «Беларусы Грузии/By in Georgia (by_in_georgia)», «Крама Пагоня», «Mission of Democratic Belarus in Brussels (freebelaruseu)»;
  • Сацсеткі праекту «АТЕШ»;
  • YouTube-канал «Бумажные города»;
  • Старонкі ў Facebook «Суполка беларусау у Iтaлii/Associazione Bielorussi in Italia», «Ультыматум да Лукашэнкi»; 
  • TikTok-старонкі «world_news», «Proud to be Russian-Belarusian», «Yuliya Sliuko», «Колючий LIFE», «daddytollik», «Terry Marynich», «Любитель Политики», «KIBORG28», «nexta_by», «М», «Светлана Тихановская», «pagonya», «Osint_Hanters».

Палітзняволенага з польскім грамадзянствам Роберта Тампала дэпартавалі пасля вызвалення і забаранілі ўезд у Беларусь на 8 гадоў 

Мужчына пражываў у Беларусі з 90-х гадоў, быў затрыманы ў 2022 годзе і асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі за каментары ў сацыяльных сетках.

Дэпартацыя адбылася адразу пасля вызвалення — ён мусіў дабірацца да Польшчы самастойна, паведамляе #dissidentby. Вядома, што ў мужчыны есць непаўнагадовае дзіця. Хутчэй за ўсе, сям’я Роберта засталася ў Беларусі.

Прапагандыстку Вольгу Бондараву адлічылі з універсітэта

Прарасейская актывістка Вольга Бондарава, якая адбыла 13 сутак адміністрацыйнага арышту за «экстрэмізм», вучылася на трэцім курсе філфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. М.Танка па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура».

Пра адлічэнне ва ўніверсітэце паведамілі журналістцы @zerkalo_io.

26 сакавіка гэтага года Бондараву асудзілі на 13 дзён адміністрацыйнага арышту паводле «экстрэмісцкага» артыкула, бо «нешта перапосціла». 9 красавіка стала вядома, што яна выйшла на волю.