Вячаслаў Барок – чалавек, ксёндз і «экстрэмісцкае фармаванне». Хронікі рэпрэсій 17 красавіка

МУС Беларусі 16 красавіка прызнала групу інтэрнэт-рэсурсаў пад назвай «Ксёндз Барок» экстрэмісцкім фармаваннем. У рашэнні сцвярджаецца, што яе адміністратары і ўдзельнікі нібыта ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць. Пад рашэнне падпадаюць YouTube-канал, Telegram, Facebook і электронная пошта святара Вячаслава Барка, а лагатыпам фармавання названая фатаграфія ксяндза на фоне пратэснай акцыі 2020 года, паведамляе «Хрысціянская візія».

1_1097_1.png

Ксёндз Вячаслаў Барок — рымска-каталіцкі святар з Расонаў, які з 2020 года падвяргаўся сістэматычнаму ціску з боку сілавых структур. Яго пераследавалі за ўдзел у мірных пратэстах, публічныя выказванні супраць гвалту і відэа на YouTube з развагамі пра хрысціянскую этыку. Ён атрымаў 10 сутак арышту за пост з плакатам «Стоп лукашызм!», перанёс ператрус і канфіскацыю тэхнікі, а ў ліпені 2021 года быў вымушаны пакінуць Беларусь. У наступныя гады яго сацсеткі і відэа былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.

У час, калі беларускія ўлады прызналі інтэрнэт-рэсурсы «Ксёндз Барок» «экстрэмісцкім фармаваннем», сам Вячаслаў Барок не выказваецца ўжо больш за 2,5 гады. З 2022 года ксяндзу забаронена выступаць у СМІ і сацсетках: 28 кастрычніка 2022 года біскуп Віцебскі Алег Буткевіч абвясціў яму кананічную вымову і пад пагрозай пазбаўлення магчымасці служыць забараніў публічную дзейнасць. Барок падпарадкаваўся рашэнню, хаця і не пагаджаецца з яго сутнасцю, і дагэтуль захоўвае маўчанне.

Глядзіце таксама

Экстрэмісцкай» прызналі Instagram-старонку праекту «Перетрем с Халезиным»

Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 16 красавіка. На гэтую Instagram-старонку падпісаныя больш за 9000 чалавек.

Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўніла старонка ў Instagram «Belarusians in Rome» — адпаведнае рашэнне было прынятае 15 красавіка судом Бешанковіцкага раёна.

Што вядома пра ціск на вайсковага аналітыка Ягора Лебядка

Да нядаўняга часу ў ПК-22 адбываў тэрмін Ягор Лебядок, якому прысудзілі 5 гадоў калоніі. У снежні 2024 года яму замянілі рэжым утрымання на турэмны. Былы палітвязень падзяліўся з «Вясной» вядомай інфармацыяй пра Ягора:

«Па апошняй інфармацыі, да майго вызвалення, яго адправілі на шэсць месяцаў у ПКТ і круцілі на 411 артыкул. Лебядок вельмі юрыдычна падкаваны, яго складана ім патапіць. Бо, як даходзіла інфармацыя з ШІЗА ад людзей, якія з ім сядзелі, што прыходзіць да яго Пірог (супрацоўнік ПК-22), дае анучу і кажа: "Ідзі, мой". Увогуле ў калоніі гэта праца тых, хто мае "нізкі сацыяльны статус". Гэта робіцца спецыяльна, каб прынізіць, а калі адмаўляешся выконваць наказ, табе адразу пішуць спагнанне. Але ён прыгожа з гэтага сыходзіў. Як мне перадавалі, ён казаў: "Я не адмаўляюся выконваць, але я буду выконваць іншую працу, якая не будзе шкодзіць майму гонару і сацыяльнаму статусу"».

«Фактычна не бачыць на адлегласці рукі», — былы палітвязень пра актывіста Вячаслава Арэшку

Былы палітвязень, які адбываў тэрмін у івацэвіцкай калоніі № 22, распавёў «Вясне» пра стан здароўя палітолага і грамадскага дзеяча, актывіста прафсаюза РЭП 70-гадовага Вячаслава Арэшку, асуджанага да 8 гадоў калоніі:

«Арэшку таксама памілаванне прапаноўвалі, але ён адмовіўся. Ён спрабаваў атрымаць інваліднасць па зроку, бо фактычна не бачыць на адлегласці рукі. Але, відавочна, ніхто не зрабіў».

Нагадаем, палітвязня затрымалі ў красавіку 2022 года. Яго разам з іншымі фігурантамі справы абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Спачатку ён адбываў тэрмін у шклоўскай ПК-17, але праз некалькі месяцаў яго перавялі ў Івацэвічы.

Праваабаронцам стала вядома, дзе адбывае пакаранне гомельскі палітвязень Аляксандр Рыбалка

Аляксандра асудзілі 16 студзеня 2024 года па ч. 1 арт. 361-4 КК РБ (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Гомельскага абласнога суду Салоўскі Сяргей вынес прыгавор — 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

22 сакавіка ў Вярхоўным Судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі, якую разглядаў суддзя Хлышчанкоў Аляксей. Вынік абскарджання — высвятляецца.

5 красавіка МУС РБ дадаў Аляксандра ў спіс «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

Днямі стала вядома, што Аляксандр Рыбалка адбывае пакаранне ў ПК № 1 г. Наваполацка.

Падтрымаць мужчыну можна лістамі і паштоўкамі па адрасе: Рыбалка Аляксандру Іванавічу, ПК № 1, вул. Тэхнічная, 8, г. Наваполацк, Віцебская вобл. 211445.