«Рэпарцёры без межаў»: Беларусь — «галоўны турэмшчык журналістаў» у Еўропе
Паводле «Рэпарцёраў без межаў», Беларусь з«яўляецца лідарам па колькасці зняволеных журналістаў у Еўропе, піша Радыё Свабода. Прынамсі 40 прадстаўнікоў медыя цяпер адбываюць працяглыя тэрміны турэмнага зняволення, паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Агенцтва Associated Press апублікавала артыкул, прысвечаны рэпрэсіям супраць журналістаў у Беларусі.
Жорсткія рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі пасля выбараў 2020 году ў Беларусі прывялі да больш як 65 тысяч арыштаў у перыяд з 2020 па 2025 год, піша агенцтва. Тысячы людзей распавядалі пра збіццё сілавікамі, прадстаўнікі беларускай апазіцыі былі зняволеныя або вымушаныя пакінуць краіну, сотні тысяч беларусаў праз боязь рэпрэсіяў уцяклі за мяжу. За кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 1200 палітвязняў, прызнаных праваабарончай супольнасцю, сярод іх — заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
Незалежныя журналісты ў Беларусі таксама зазналі арышты і рэпрэсіі, іх выданні зачынілі ці абвясцілі «па-за законам», прызнаўшы «экстрэмісцкімі», вэб-сайты такіх выданняў заблакаваныя ў Беларусі.
У некаторых калоніях праблемы з атрыманнем грашовых пераводаў
Плацяжы «Беларусбанка» масава вяртаюцца з папраўчых устаноў адпраўнікам прыкладна праз тыдзень пасля транзакцыі.
Такія звароты пачаліся з другой паловы сакавіка. Паўторныя пераводы таксама вяртаюцца, хоць звесткі адпраўнікоў у якасці сваякоў унесеныя ў асабістыя справы асуджаных.
Як удалося высветліць MAYDAY TEAM, у некаторых папраўчых калоніях ад асуджаных сталі патрабаваць спецыяльныя заявы з указаннем асобы, ад якой можа быць атрыманы грашовы перавод. У такіх выпадках паўторны пераклад даходзіў да адрасата.
Акрамя таго, у некаторых выпадках «Беларусбанк» стаў адмаўляць сваякам палітвязняў, бо прозвішчы асуджаных знаходзяцца ў спісах «тэрарыстаў». Раней такія базы звестак выкарыстоўвала толькі «Белпошта». З сакавіка яны з'явіліся і ў некаторых банках.
Як святкавалі Вялікдзень у калоніях
Як атрымалася высветліць MAYDAY TEAM, у Віцебскай ПК-3 «Віцьба» кожнаму асуджанаму дазволілі набыць невялікую велікодную булку. Яе кошт 5 рублёў, грошы будуць спісаныя з асабовых рахункаў вязняў. У калонію таксама прыходзіў святар праваслаўнай царквы.
А ў Шклоўскай ПК-17 ужо традыцыйна ўсім без выключэння дазволілі зрабіць дадатковы пяціхвілінны тэлефонны званок дадому.
У іншых калоніях свята прайшло больш сціпла. Дзесьці абмежаваліся набажэнствам для «актыву», у некаторых ПК выбарачна дазвалялі зрабіць дадатковы званок.
За данаты асудзілі жыхара, 49-гадовага Віцебска Сяргея Саўчанку
Імя Сяргея Віктаравіча Саўчанкі 18 красавіка з'явілася на сайце МУС у абноўленым пераліку асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». На сайце ведамства пазначана, што ён асуджаны Віцебскім абласным судом паводле ч. 1 арт. 361-2 КК (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама паводле ч.1 арт. 361-4 КК (Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці).
Мужчыну пакаралі пазбаўленнем волі (тэрмін удакладняецца), у «экстрэмісцкім» пераліку пазначана, што ён ужо «адбывае пакаранне».
57-гадовую жыхарку Наваполацка, асудзілі за данаты да «хатняй хіміі»
Імя Анжалікі Уладзіміраўны Кухарэнка 18 красавіка з'явілася ў абноўленым пераліку асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». У гэтым спісе на сайце МУС пазначана, што жанчыну асудзілі ў Віцебскім абласным судзе паводле чч. 1 і 2 арт. 361-2 КК (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Пазначана таксама, што «судзімасць не пагашана».
У «спіс тэрарыстаў» дадалі 8 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы васьмі чалавек.
Сярод іх Дзмітрый Удовін, Андрэй Дарошка, Вячаслаў Ільіч, Ігар Кісляк, Віталь Папроцкі, Сяргей Зеляноўскі, Сяргей Горлаў і Віктар Кухарчук.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1276 чалавек, з іх 582 — беларусы.