Па крымінальнай справе затрымалі евангельскага пастара. Хронікі рэпрэсій 23 красавіка

Евангельскага пастара з Хойніцкага раёна Алега Лойку абвінавачваюць у перадачы інфармацыі аб перасоўванні расійскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі, вядомую на гэты момант.

1_1097_1.png

48-гадовы Алег Лойка з'яўляецца пастарам царквы хрысціян веры евангельскай у вёсцы Небытаў Хойніцкага раёна. Вядома, што ў снежні мінулага года ён быў арыштаваны на 10 сутак за «распаўсюд экстрэмізму».

Пастар шмат гадоў займаўся рэабілітацыяй людзей з наркатычнай залежнасцю ў рамках місіі «Вяртанне». Дзякуючы яго дзейнасці сотні чалавек вярнуліся да нармальнага жыцця. Пра мужчыну раней неаднаразова з захапленнем пісалі дзяржаўныя СМІ.

Як паведамляла Радыё Свабода, у Беларусі працягваюцца затрыманні за фота і відэа з перамяшчэннямі расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі. Выданню «вядома як мінімум пра некалькі выпадкаў, падставай для якіх сталі дасланыя вясной 2022 года ў «Беларускі Гаюн» фота і відэа з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай. Усе затрыманні адбыліся ў сакавіку 2025 года, а затрыманым прад'явілі абвінавачванні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» па арт.361-4 КК. Ён прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі або пазбаўлення волі да сямі гадоў.

Па звестках Радыё Свабода, больш за ўсё затрыманняў, звязаных з «Гаюном», — на Гомельшчыне. Вядома таксама пра некалькі затрыманняў у Гродзенскай вобласці, якія адбыліся ў лютым.

У «Спісе экстрэмісцкіх фармаванняў» з'явілася прозвішча Аляксандра Царука — мужчына памёр год таму

Сёння МУС абнавіў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх фармаванняў — у ім з'явіўся праект «Ямницкий Флот». Паводле ведамства, дачыненне да яго маюць Андрэй Тупоўскі і Аляксандр Царук. 

У 2020 годзе Аляксандр Царук быў назіральнікам на выбарах. Яго некалькі разоў затрымлівалі: агулам ён правёў за кратамі 40 сутак. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Аляксандр далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў — тады яшчэ батальёна Каліноўскага і ўзяў пазыўны «Сашко».

Вярнуўшыся з вайны, мужчына цяжка захварэў на анкалагічную хваробу, якая хутка забрала ягонае жыццё. Яго пахавалі летась у красавіку ў Вільні.

Сілавікі паказалі відэа з затрыманымі за каментары на адрас «жыхароў цудоўнай краіны Пакістан» — ім пагражаюць крымінальнай справай

Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала афіцыйную заяву наконт чутак аб нібыта злачынствах пакістанцаў у Беларусі. А яшчэ апублікавала відэа з затрыманымі хлопцам і дзяўчынай, піша  «Наша Ніва».

У МУС адзначылі, што ўжо выявілі «актыўных правакатараў, якія наўмысна спрабавалі напружваць становішча ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай». Сілавікі пагражаюць крымінальнымі артыкуламі за «разварушванне міжнацыянальнай варожасці і дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне».

Напярэдадні блізкі да сілавікоў канал упершыню за доўгі час апублікаваў відэа з затрыманымі за каментары і ролікі ў тытоку маладымі людзьмі. На камеру 18-гадовага хлопца і 20-гадовую дзяўчыну прымусілі прасіць прабачэння за распаўсюджванне фэйкаў і «гнеўныя каментары на адрас жыхароў цудоўнай краіны Пакістана».

У якім статусе знаходзяцца маладыя людзі, невядома.

Гарадзенца асудзілі да 10 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве»

У Гродзенскім абласным судзе 10 сакавіка быў вынесены прысуд 42-гадоваму палітзняволенаму Сяргею Цераховічу. Яго абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і прызначылі дзесяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Падрабязнасці справы невядомыя, бо працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд вынес Юрый Казакевіч.  

Пра Сяргея вядома няшмат. Ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Гродне. Паводле звесткак «Белпола», ён да канца 2016 года служыў старшым тэхнікам у памежнай часці 2141, якая абслугоўвала пункт «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы.

Па звестках Digital Intelligence Team, пасля 2016 года Цераховіч заняўся ўласным бізнэсам. Сяргей стаў дырэктарам фірмы «Севіры Сэрвіс», якая надавала рытуальныя паслугі. Таксама ў яго ёсць статус ІП, сферай дзейнасці якога пазначана «Паштовая ды кур'ерская дзейнасць».

У мінулым годзе ў Беларусі распачалі 44 крымінальныя справы за данаты

Пра гэта расказаў старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў. Ён назваў гэтыя ахвяраванні «фінансаваннем экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці», піша @reformby.

Паведамляецца, што дзейнасць КДК у сферы стрымання такога фінансавання сканцэнтравана на аналізе абароту крыптавалют і кантролі плацежных сэрвісаў розных электронных сістэм і сацсетак.

У мінулым годзе органы КДК выявілі 2,7 тысячы такіх крыптавалютных транзакцый. Распачаты 44 крымінальныя справы. Герасімаў у якасці прыкладу прывёў топ-мэнэджара адной з IT-кампаній, які зрабіў крыптавалютныя пераводы на 290 тысяч долараў.

Органы КДК устанавілі 1445 грамадзян, «якія з выкарыстаннем плацежнага сэрвісу сацыяльнай сеткі Facebook пералічвалі грашовыя сродкі на карысць экстрэмісцкіх фарміраванняў», таксама былі выяўлены 34 злачынствы эканамічнага характару, «учыненыя датычнымі да дэструктыўнай дзейнасці грамадзянамі».

Стала вядома пра смерць беларуса, якога раней дадалі ў спіс «экстрэмістаў»

Віталю Бычкову было 44 гады. Родам ён з пасёлка Колас Быхаўскага раёна, які пазней далучылі да Быхава. Калі меркаваць на сацсетках і расійскіх базах, перыядычна ездзіў працаваць у Расію па розных рабочых спецыяльнасцях.

У 2022 годзе у судзе Быхаўскага раёна Бычкова асудзілі па артыкуле 364 КК — «гвалт або пагроза гвалта ў дачыненні да міліцыянта». Не кожная такая справа звязаная з палітыкай. Аднак пасля суда сілавікі палічылі патрэбным дадаць Бычкова ў спіс «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», піша «Наша Ніва».

Прысуд Бычкову невядомы, як і акалічнасці справы. У спісе экстрэмістаў Бычкоў атрымаў пазнаку «адбывае пакаранне». Гэта азначае, што яму маглі прысудзіць тэрмін у калоніі альбо хімію з накіраваннем.

Віталь памёр 28 кастрычніка 2024 года — невядома, ці адбыў ён пакаранне цалкам. Па звестках Digital Intelligence Team, прычынай яго смерці стаў інсульт.

Журналіста Дзмітрыя Семчанку за кратамі намаўлялі зняцца ў прапагандысцкім кіно

Пра гэта паведаміў былы палітвязень, які сядзеў з ім у калоніі, піша Еўрарадыё. 

Семчанка да жніўня 2020-га быў кіраўніком лукашэнкаўскага пула — кіраваў групай журналістаў, якія асвятлялі афіцыйныя падзеі. Пасля жорсткіх разгонаў пратэстаў і непраўдзівай інфармацыі ў дзяржСМІ ён звольніўся з працы.

У верасні 2022-га яго арыштавалі: спярша прысудзілі суткі, а потым пачалі крымінальную справу, абвінаваціўшы ў «распальванні сацыяльнай варожасці».