«Экстрэмісцкай» прызналі асабістую старонку лідара гурта Dzieciuki. Хронікі рэпрэсій 22 красавіка
Гаворка пра старонку Аляксандра Дзянісава ў Facebook і ва «Укантакце». На старонцы ў Facebook спявак мае больш за 4,8 тысячы сяброў, ва «Укантакце» — больш за 1,8 тысячы.

Таксама ў абноўлены «экстрэмісцкі спіс» трапілі:
- інфармацыйная прадукцыя парталу «Медыя-Палессе»;
- Instagram старонкі «andrei_volat_pivavarevich», «alesia.mierynava», «hleb.vajkul», «dimastut», «mayamova.cо», «belanarchistinpl», «jestem_tatiana», «jedrzejt»;
- Сайт і сацсеткі праекту «Вольныя», праекту «BEROC», «Petitions.bу»;
- Старонкі ў «Аднакласніках» «Ник и Майк», «Valery Nezhavets», «Катя Bakinouskaya»;
- Старонка ва «Укантакце» «Павел Кулаженко»;
- TikTok-старонкаі «alexandrgopnik».
З'явілася інфармацыя пра знікненне адміністратараў Беларускай Вікіпедыі
Стала вядома, што ў сакавіку знікла сувязь з адміністратарам «Беларускай Вікіпэдыі» Kazimier Lachnovič — яго апошняя праўка была напачатку сакавіка, пасля чаго ён перастаў быць дасяжным у месенджарах.
Акрамя таго, знікла адміністратарка «Беларускай Вікіпедыі» і шматдзетная маці Вольга Сітнік — яе знаёмыя звярнулі ўвагу на ненатуральную актыўнасць з яе акаўнта.
У Беларусі +10 новых палітвязняў
Гэта Алена Добыш, Максім Акулоў, Дзмітрый Хаменкаў, Ігар Гольцаў, Аляксей Пераверзеў, Васіль Арэшка, Вера Кананенка, Сяргей Кардаш, Аляксандр Рыбалка, Міхаіл Нязнанаў.
Хто гэтыя людзі і чаму праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі.
У Гродне судзяць саўладальніка будынка, дзе знаходзіцца польскае консульства
Спецвытворчасць у дачыненні да Станіслава Буйніцкага СК распачаў 31 студзеня. Яму інкрымінаваная ч. 2 арт 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры). 2 красавіка ягоную справу пачалі разглядаць у судзе Ленінскага раёна Гродна. Сутнасць абвінавачвання невядомая.
72-гадовы Буйніцкі з 1999 года жыве ў Беластоку. Як паведамляў hrodna.life, ТАА «Форт», у якім Буйніцкі адзін з саўладальнікаў, валодае будынкам на Будзёнага, 48а, дзе знаходзіцца Генконсульства Польшчы.
У 1990-я мужчына быў намеснікам старшыні Саюза палякаў на Беларусі. Эміграваў у Польшчу з палітычных прычын, атрымаў польскае грамадзянства. Пры гэтым праз фірму «Форт» працягваў валодаць офісным будынкам на Будзёнага, 48А. Дзякуючы гэтаму будынак быў ледзь не адзіным месцам у Гродне, дзе маглі здымаць офісы палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, якім з палітычных прычын адмаўлялі ў арэндзе ў іншых месцах.
Смерць палітвязня Дзмітрыя Шлетгаўэра: новыя сведчанні былых зняволеных
11 кастрычніка 2024 года ў ПК-15 у Магілёве памёр палітвязень Дзмітрый Шлетгаўэр. Былыя зняволеныя, якія знаходзіліся побач з ім, распавялі праваабаронцам з DissidentBy. пра сістэматычны псіхалагічны і фізічны ціск, якому Дзмітрый падвяргаўся на працягу многіх месяцаў.
Па словах сведак, Шлетгаўэр адмаўляўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй, «не здаваў» іншых і адкрыта выказваў нязгоду. Яго рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА нават нягледзячы на наяўнасць хранічнай хваробы і нядаўняе з'яўленне дзіцяці ў сям'і.
Ён трымаўся, але яны рабілі ўсё, каб зламаць, — кажа адзін з былых вязняў.
Супрацоўнікі калоніі, якіх згадваюць у сувязі з ціскам і знявагамі, гэта аператыўнікі Юрый Арлоў (працуе ў ПК-15 з 2016) і Ілля Кіслякоў (працуе ў ПК-15 з 2019). Асобную ролю, па сведчаннях, адыгрываў начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка. Былыя зняволеныя і праваабаронцы неаднаразова паведамлялі пра жорсткае і зневажальнае стаўленне да палітвязняў з яго боку.
З 2020 года ў СІЗА і калоніях Беларусі загінулі ўжо сем палітвязняў.