Дзень народзінаў за кратамі. Сёння Марыі Калеснікавай споўнілася 43 гады

24 красавіка споўнілася 43 гады Марыі Калесьнікавай. Гэты дзень народзінаў палітзьняволеная сустрэла ў калёніі ў Гомлі. Сястра Марыі Тацяна Хоміч расказала Свабодзе апошнія навіны ад яе.

zanoczy_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__33__logo_2_logo_2_logo.png

Паводле Тацяны Хоміч, пасьля сустрэчы з бацькам у лістападзе, сям’і стала вядома, што Марыю Калесьнікаву перавялі ў 18-ы атрад у калёніі ў Гомлі і яна знаходзіцца сярод іншых зьняволеных жанчын. Паводле інфармацыі сям’і, у атрадзе няшмат або зусім няма палітзьняволеных.

«Гэта такі спэцыфічны атрад, дзе знаходзяцца жанчыны з больш цяжкімі парушэньнямі», — адзначыла Тацяна Хоміч.

Паводле слоў Тацяны, сямʼі вядома, што Марыя, як і раней, працягвае працаваць на швэйнай фабрыцы. Перадачы для яе па-ранейшаму не прымаюць. Таксама сямʼя ня можа рабіць ёй грашовыя пераводы ў калёнію, таму Марыя ня можа набыць нешта ў мясцовай краме, адзначыла сястра палітзьняволенай.

Таксама вядома, што ў яе стала крыху лепшае харчаваньне. Тацяна Хоміч нагадала, што калі Марыя знаходзілася ў ПКТ, яна вельмі схуднела.

Глядзіце таксама

Стан здароўя Марыі Калесьнікавай, вядома, пагоршыўся, адзначае Тацяна Хоміч, але ўсё ж перад сустрэчай з татам у лістападзе 2024 году ёй пачалі надаваць мэдыцынскую дапамогу і палепшылі харчаваньне, таму падчас сустрэчы яна адчувала ўжо сябе лепш.

«Цяпер мы атрымліваем толькі нейкія абрыўкі інфармацыі пра яе. Што яна знаходзіцца ў атрадзе, што працуе. На жаль, у нас няма камунікацыі — ні ліставаньня, ні званкоў, ні перадач, ні сустрэчаў. Гэта была такая аднаразовая акцыя — сустрэча ў лістападзе (Марыі Калесьнікавай з бацькам — рэд.)», — распавяла Свабодзе Тацяна Хоміч.

Сястра палітзьняволенай адзначыла, што цяпер наогул мала навінаў пра палітвязьняў, бо родныя палітвязьняў «вельмі баяцца дзяліцца інфармацыяй», што, на яе думку, зьвязана зь вялікай колькасьцю затрыманьняў.

Наконт сустрэчы Марыі Калесьнікавай з бацькам у лістападзе 2024 году, Тацяна Хоміч толькі адзначыла, што большую частку сустрэчы, якая доўжылася каля паўтары гадзіны, Марыя распытвала бацьку пра «навіны сямʼі і блізкіх». Таксама яна цікавілася тым, што адбываецца ў Беларусі і сьвеце, і бацька па-магчымасьці нешта распавядаў ёй, але «сустрэча адбывалася не сам-насам». Выглядала яна крыху схуднелай, але «вельмі добра трымалася».

Наконт прашэньня аб памілаваньні, паводле Тацяны Хоміч, Марыя ведае пра такую магчымасьць, але яна ня хоча камэнтаваць інфармацыю ў СМІ, якая зьявілася пасьля гэтага.

«Я вельмі спадзяюся, што магчымасьць выйсьці на свабоду — калі гэта будзе праз напісаньне памілаваньня — што ў Марыі такая магчымасьць будзе і яна ёй скарыстаецца, але канешне рашэньне прымаць ёй самой», — адзначыла Тацяна Хоміч.

Глядзіце таксама

Паводле Тацяны Хоміч, звычайна дні народзінаў Марыі Калесьнікавай падчас яе зьняволеньня сустракалі ў коле блізкіх людзей, але цяпер сама Тацяна знаходзіцца за мяжой, таму яна адзначае гэты дзень зь сябрамі і блізкімі.

«Я ведаю, што і тата таксама звычайна сустракаецца з кімсьці са знаёмых, тымі, хто падтрымлівае. Раней гэта было больш масава. На жаль, вельмі шмат людзей, сяброў Марыі, зьехалі за гэты час. Я таксама сустракаю гэты дзень з блізкімі сябрамі — тымі, хто ведае Марыю. Для мяне гэта вельмі важны момант падтрымкі, таму што гэты дзень для нашай сям’і заўсёды быў сьвятам.

Мы сустракалі яго разам, зь сям’ёй ці зь сябрамі, і Марыя вельмі любіць свой дзень народзінаў, таму што гэта магчымасьць сустрэцца. Нагадаю, што доўгі час яна жыла ў Нямеччыне, і нават тады прыяжджала на свой дзень народзінаў, каб быць разам зь сямʼёй, з блізкімі, са сваімі і калегамі. Гэта было заўсёды вельмі весела, было шмат людзей, людзей разнастайных — канешне гэта было вельмі важнае, добрае, вельмі сьветлае сьвята для нас», — узгадала Тацяна Хоміч.