Сёння дзень народзінаў Анджэя Пачобута. Свае 52-годдзе ён сустрэў за кратамі і, падобна, у ізаляцыі. Хронікі рэпрэсій 16 красавіка
Палітзняволенаму журналісту Анджэю Пачобуту сёння споўнілася 52 гады. І гэта ўжо пяты дзень народзінаў, які ён адзначае за кратамі. І, як піша Радыё Свабода, падобна, зноў у ізаляцыі — у памяшканні камернага тыпу (ПКТ).

Анджэя Пачобута арыштавалі 25 сакавіка 2021 году. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га, які Пачобут назваў агрэсіяй, журналіста абвінавацілі ў «распальванні варожасці паводле нацыянальнай прыкметы». Таксама ў справе фігуравалі заявы Анджэя ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул аб пратэстах у 2020 годзе і нават тэкст 2006 году пра аднаго з кіраўнікоў польскага антыкамуністычнага падполля.
Глядзіце таксама

8 лютага 2023 году Пачобуту вынеслі прысуд — 8 гадоў зняволення. Ён адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі № 1, якая славіцца вельмі жорсткім рэжымам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пісаць прашэнне аб памілаванні Пачобут адмовіўся. Больш за год ад яго няма лістоў. Ад былых палітвязняў, якія выходзяць на волю, вядома, што ў Анджэя праблемы са здароўем, але належнага лячэння яму не даюць.
Пра Анджэя Пачобта рэгулярна пішуць і польскія, і беларускія дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ.
На ўмовах ананімнасці знаёмая з сітуацыяй вакол Пачобута сяброўка яго сям’і паведаміла «Свабодзе»:
«Яго ўжо два гады трымаюць ў рэжыме абсалютнага інкамунікада, пастаянна ўтрымліваюць у ПКТ. Няма перапіскі, няма магчымасці перадачаў. Невядома нават, ці ёсць у яго, прабачце, ніжняя бялізна, ці не. І хачу адзначыць такі момант: калі розныя палітыкі выказваюцца наконт таго, чаго ён хоча, чаго не хоча, хоча выязджаць — не хоча выязджаць, хоча на свабоду — не хоча, тут трэба разумець, што гэта ўсё інсінуацыі. Да яго не пускаюць нікога. Чаго хоча сам Пачобут — ніхто не ведае, што ён мяркуе, што думае, на што гатовы. Таму часцяком усе гэтыя выказванні наконт Пачобута — палітычныя спекуляцыі», — перакананая знаёмая зняволенага журналіста.
Вязні, якія сядзелі ў наваполацкай калоніі № 1, дзе трымаюць і Анджэя Пачобута, кажуць, што журналіст пастаянна знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу. Калі яго выпускаюць пасля чарговага тэрміну, то ў той жа дзень «прыпісваюць» новае парушэнне і вяртаюць у ПКТ зноў.
Былы палітвязень, які нядаўна вызваліўся з Наваполацку і назваўся Алесем, кажа, што за два гады ў калоніі бачыў Анджэя Пачобута адзін раз. Толькі таму, што адбыўся нейкі збой: Пачобута памылкова на паўдня адправілі з ПКТ у прамысловую зону.
«Паміж чарговымі ПКТ яго на адзін дзень пусцілі ў атрад, і ён быў на прамзоне паўдня — з 8-й раніцы да гадзіны 12-й. На прамзоне ёсць такое месца для адзначэння прафілактычнага ўліку і курэння, там можна хвілін на пяць перасекчыся з іншымі вязнямі.
Пачобут быў як зорка — усе да яго хацелі падысці! Я таксама падышоў. Бачна было, што схуднелы, змарнелы, але спакойны, гаворыць упэўнена, разважліва, з разуменнем, што яго зараз закрыюць зноў.
Яго і закрылі ў той жа дзень, зноў змясцілі ў ПКТ. Мабыць, памыліліся, дапусціўшы да іншых вязняў. Ён, мабыць, увогуле не мог да людзей трапіць, але нейкі збой праграмы адбыўся», — выказаў думку былы палітвязень.
Вядомы беларускі футбаліст вызвалены з калоніі — яго судзілі за «абразу» Лукашэнкі
Аляксандру Асіповічу цяпер 48 гадоў. Ён выхаванец мінскага «Дынама». На дарослым узроўні Асіповіч спачатку гуляў за фарм «Дынама» ў Д2, адкуль стаў выклікацца ў моладзевую зборную (там у выніку правёў 15 матчаў). За аснову «бела-блакітных» дэбютаваў у сярэдзіне 1997 года — стаў рэгулярна з’яўляцца ў складзе, а каманда ўзяла чэмпіёнскі тытул.
Пазней у яго кар'еры былі літоўскі «Жальгірыс», польскі «Заглембе», а таксама іншыя клубы Беларусі і суседніх краін. Пасля сканчэння кар'еры Асіповіч стаў футбольным агентам, а таксама займаўся «футбольным рэпетытарствам».
Як піша «Трыбуна», напрыканцы 2022-га, як аказалася, мужчыну затрымалі ў Мінску. 9 студзеня 2023 года яго судзілі за «абразу Лукашэнкі». Паводле інфармацыі выдання, суддзя Алег Каляда прысудзіў Асіповічу 1 год калоніі. Пазней былога футбаліста дадалі ў спіс «экстрэмістаў». Ён цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю
Instagram-старонка журналіста Яраслава Пісарэнкі і «Толькі рэфарматары і рэфарматаркі» — чарговае папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У абноўлены «экстрэмісцкі спіс» трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «Krila Do Pekla», «Беларусы в Испании», «Толькі рэфарматары і рэфарматаркі», «ЧАТ Малиновка 5/6», «Беларусы Нідэрландаў», «Беларусы в Зелёна-Гуре», «Беларусы Іллінойса — Дапаможам Адзін Аднаму чат», «Суполка Беларусаў у Фінляндыі / Беларусы и белорусы в Финляндии», «Беларусы ў Лісабоне», «Беларусы в Кракове (с 91 не белорусы)», «Беларусы в Валенсии»;
- Instagram старонкі «kalinouskipolk», «bel_warriors_support», «1863_tattoo», «pisarenko_jr», «ZYVI»;
- Музычныя кампазіцыі гурта «Русский корпус» «Адольф Гитлер» і «Рудольф Гесс»;
- Сайты vilnabilarus.оrg.uа, «tsikhanouskaya.оrg, «kanstytucyja.оnlinе;
- TikTok-старонкі «Lizaveta Vodzina», «belaruscentr», «user2248544812285», «war.uaa1», «aze_neonazi», «belarusian_monarchist», «belarusmapz», «belaruskiautapolk», «slava_ukraine_warrior_ua», «stoppropagandaruzza», «netavoreikalas24», «razamlt», «bulba_333», «volnaya.belarus», «kalinouskipolk», «radiounet».
У Беларусі +9 новых палітвязняў
Гэта Алег Цімашэнкаў, Вольга Губар, Ігар Сімашковіч, Антон Лісічкін, Ігар Ільюкевіч, Андрэй Урублеўскі, Іван Падліпенцаў, Мікіта Самарын, Максім Ралько, паведамляе «Вясна».
Усе яны асуджаныя па некалькіх артыкулах, у тым ліку арт. 130 УК — «распальванне сацыяльнай варажнечы»
Навіны пра Дзяніса Івашына
Жонка нашага калегі журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына Вольга падзялілася, чым яе муж у асноўным займаецца ў няволі.
«У турме ён мае толькі адну гадзіну шпацыру ў нутраным дворыку на дзень. Лісты й паштоўкі Дзяніс нам піша прыкладна раз на тыдзень. Таму амаль увесь пазасталы час ён выдаткоўвае на чытаньне. І пасланьні нашага ваяра гэта пацьвярджаюць:
"У мяне збольшага — усё бязь зьменаў. Чытаю й чытаю. Шмат пэрыёдыкі (ґазэты "Известия", "СБ", часопісы — "Межд.военное обозрение", Discovery, ґазэта "Каталіцкі Весьнік")"», — напісала Вольга Івашына.
Дзяніс Івашын,карэспандэнт «Новага Часу», беларускі рэдактар валанцёрскай супольнасці InformNapalm, быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 12 сакавіка 2021 года пасля публікацыі чарговай часткі расследавання пра былых беркутаўцаў, што працавалі ў мінскім АМАПе.
Суд над Дзянісам Івашыным доўжыўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме.
14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі асудзіў журналіста да 13 гадоў і 1 месяца зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.
Вярхоўны суд 20 снежня 2022 года разгледзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенага журналіста. Прысуд пакінулі без зменаў.
Жонка палітвязня паведаміла, што Дзяніса неаднаразова спрабавалі скампраметаваць, пераводзячы ў камеру з людзьмі, якія маюць за кратамі нізкі сацыяльны статус. Аднак, паводле сваякоў, Дзяніс досыць хутка адаптуецца да знешніх умоў, вывучае ўнутраныя правілы і традыцыі.
Згодна з даведкай з суда, Івашына асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 179 (незаконны збор або распаўсюд даных аб асабістым жыцці). Калі і з якой прычыны адбылася замена ці перакваліфікацыя абвінавачання, невядома.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Жонка палітвязня Вольга адзначыла, што пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Цяпер ён знаходзіцца ў жодзінскай турме № 8ю
У красавіку 2024 года стала вядома ад жонкі палітвязня, што Дзяніса пазбавілі перадач. Таксама яна адзначыла, што цяпер, каб даслаць вітаміны ў турму ці калонію, неабходна атрымаць спецыяльны дазвол ад лекара медычнай часткі ўстановы. Раней такое правіла распаўсюджвалася толькі на неабходныя лекі.
З 4 па 18 лютага 2025 года Дзяніс знаходзіўся ў штрафным ізалятары.
Па стане на пачатак красавіка 2025 года Дзяніс чатыры месяцы пазбаўлены тэлефонных званкоў. Нагода невядомая ні сваякам, ні палітвязню.