«Марыў аб вольнай Беларусі». Пра памерлага ў СІЗА Аляксандра Кулініча расказалі яго сын і сябар

Сёння, 11 красавіка, абвінавачаны ў абразе Лукашэнкі падпалкоўнік Аляксандр Кулініч мусіў святкаваць дзень нараджэння — яму споўнілася б 52. Ён не дажыў да яго ўсяго некалькі дзён: 9 красавіка мужчына памёр у СІЗА № 7 Брэста. І сёння замест святочнага стала ў яго родным Маладзечне быў стол памінальны. Якім быў адстаўны вайсковец, як перажываў тое, што адбываецца ў Беларусі і суседняй Украіне? Пра гэта з сынам і сябрам нябожчыка паразмаўляла «Люстэрка».

Фота з асабістага архіва Аляксандра Кулініча

Фота з асабістага архіва Аляксандра Кулініча

«Калі б не СІЗА, усё было б у парадку»

Сын Аляксандра Кулініча, 28-гадовы Мікіта, ужо некалькі гадоў жыве за мяжой. З Беларусі ён з’ехаў яшчэ да падзей 2020 года. Але заставаўся ў цесным кантакце з бацькам і астатняй сям’ёй. Ад сям'і малады чалавек якраз і даведаўся пра смерць таты.

«Ён памёр у ноч з 8 на 9 красавіка, — адрывіста кажа малады чалавек (размова з журналістам даецца яму цяжка). — Як гэта адбылося — ніхто не разумее. Наколькі я ведаю, ён проста не прачнуўся раніцай. Мабыць, гэта здарылася ў камеры».

Сябар Аляксандра Сяргей (імя змененае) кажа, што ў затрыманага былі праблемы з сэрцам. Пра іх мужчына даведаўся два гады таму.

«У яго ўвесь час быў высокі ціск, — тлумачыць Сяргей. — Я пра гэтую праблему ведаў, хоць Аляксандр нават не ўсім блізкім пра яе расказваў. Трэба было рабіць аперацыю, але ён трохі пабойваўся. Я пераконваў, што баяцца не варта, але ён прыводзіў прыклад аднаго з нашых знаёмых, які памёр праз некалькі месяцаў пасля такой аперацыі. Таму Аляксандр шмат часу бавіў у вёсцы на свежым паветры. Упэўнены, што знаходжанне ў СІЗА абвастрыла яго праблемы — гэта ж моцныя перажыванні, вялікі стрэс. Калі б не гэта, то ўсё было б у парадку».

Мікіта кажа, што сям'і ўдавалася рабіць медыцынскія перадачы, патрэбныя бацьку для падтрымання здароўя.

«Яму перадавалі лекі, рабілі кардыяграму сэрца, за ім сачылі. У СІЗА бацьку даглядалі, і ўсё было добра», — мяркуе ён.


Глядзіце таксама

«Яго затрымалі таму, што ў Беларусі расце ўзровень рэпрэсій»

Пра затрыманне падпалкоўніка ў адстаўцы суразмоўцам «Люстэрка» стала вядома ад яго блізкіх у Беларусі. Здарылася гэта 29 лютага ў вёсцы Дорагава Карэліцкага раёна.

Ужо 1 сакавіка відэа з мужчынам з’явілася ў адным з тэлеграм-каналаў, набліжаных да сілавікоў. Праўда, у ім былі кадры затрымання са шматкватэрнага дома.

«Відэа са штурмам кватэры — гэта нешта не тое, — тлумачыць Мікіта. — Тату затрымалі ў вёсцы, дзе ён жыў апошнім часам. Там нарадзіліся яго бацька і дзядуля».

Сяргей таксама кажа, што ягонага сябра затрымлівалі ў Дорагаве, а відэа штурму, якое апублікавалі сілавікі, відавочна не адтуль і на ім — не Аляксандр.

Далей на відэа сам Аляксандр кажа, што яго затрымалі «за каментары ў інтэрнэце». «У адным з акаўнтаў я напісаў пад выступам прэзідэнта «скот», — патлумачыў мужчына. Мікіта кажа, што каментары ў інтэрнэце бацька пакідаў даўно.

«Наколькі я ведаю, гэта былі каментары ў Telegram, нібыта ў іх была абраза Лукашэнкі. Гэтыя каментары бацька напісаў у 2020−2021 гадах, калі ў Беларусі былі актыўныя пратэсты», — кажа малады чалавек.

Чаму Аляксандра затрымалі менавіта цяпер, праз тры гады пасля падзей 2020-га, яго сын не ведае. Лічыць, што нейкай канкрэтнай нагоды не было.

«Думаю, у сувязі з блізкімі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі расце ўзровень рэпрэсій, — разважае мужчына. — Бацька ў цэлым ніколі не быў медыйнай ці публічнай асобай, але заўсёды меў цвёрдую грамадзянскую пазіцыю, якая выяўлялася ў любові да сваёй краіны і радзімы і поўнай нянавісці да дзейнага рэжыму як у Беларусі, так і ў Расійскай Федэрацыі».

«Падышоў да камандзіра байцоў, і тыя прапусцілі пратэстоўцаў»

Аляксандр — кадравы вайсковец. Вучыўся ў Вайсковай акадэміі Беларусі, а потым — у расійскай Вайсковай акадэміі імя Фрунзе. Пасля гэтага вярнуўся ў Брэст і пайшоў у 38-ю асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую Брэсцкую брыгаду ПДВ. Там служыў да 2009 года, адтуль сышоў у званні падпалкоўніка.

«Апошнім часам ён займаўся сваім невялікім бізнэсам — быў зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам. Падрабязнасцяў ягонай справы я не ведаю, мы не асабліва абмяркоўвалі гэта, але бацька расказваў, што прадаваў харчовыя дабаўкі для выпечкі хлеба і пячэння, якія былі патрэбныя для дадатковай карысці гэтай прадукцыі», — расказвае Мікіта.

Сяргей кажа, што Аляксандр ужо даўно прытрымліваўся прадэмакратычных перакананняў. У 2020 годзе ён удзельнічаў у пратэстах у Брэсце.

«Асабліва актыўна гэта было ў першыя суткі пасля выбараў, — успамінае сябар нябожчыка. — Была сітуацыя, калі АМАП загнаў людзей на ачапленне, у якім стаялі байцы 38-й брыгады, дзе доўгі час служыў Аляксандр. Ён падышоў да камандзіра, пагаварыў, і ў выніку тыя прапусцілі пратэстоўцаў. Я ведаю гэта з ягоных словаў, не думаю, што ён бы хлусіў пра гэта».

Перасякаўся на пратэстах Аляксандр і са сваім былым калегам — цяперашнім прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерыем Сахашчыкам. Нагадаем, той таксама служыў у 38-й брыгадзе ў Брэсце. Сяргей кажа, што блізкімі сябрамі Кулініч і Сахашчык не былі, але ён адгукаўся пра свайго саслужыўца вельмі станоўча: лічыў яго выдатным афіцэрам, сапраўдным дэсантнікам і чалавекам з вялікай літары.

« Апошні раз яны бачыліся ў 2020 годзе падчас пратэстаў. Сустрэліся выпадкова, Аляксандр першым падышоў да Сахашчыка, спытаў, ці пазнаў той яго. Пазнаў, адразу ж назваў яго імя, прозвішча і званне, — успамінае сябар Аляксандра. — Саша расказваў, што тады нейкім чынам удалося дамовіцца з сілавікамі, і яны адпусцілі затрыманых пратэстоўцаў у Брэсце».


Глядзіце таксама

«Хацеў, каб Беларусь была свабоднай»

Мікіта адзначае, што ягоны бацька, як сапраўдны патрыёт Беларусі, моцна перажываў праз напад Расіі на Украіну. За падзеямі ў гэтай краіне ён сачыў з 2014 года, калі адбылася анексія Крыма і пачаліся баявыя дзеянні на Данбасе.

«Тое, што адбылося 24 лютага 2022 года, бацька ўспрыняў у адпаведнасці са сваёй пазіцыяй наконт падзей у Беларусі, — тлумачыць малады чалавек. — Для яго гэта было шокам. Ён вельмі любіў Украіну, часта ездзіў туды на адпачынак».

Тое самае кажа і Сяргей. Паводле мужчыны, Аляксандр шмат ездзіў у Закарпацце, там у яго былі добрыя сябры.

«Праз вайну ў яго была нянавісць да Расійскай Федэрацыі, абсалютна жывая і неўдаваная, — прызнаецца мужчына. — Мы абмяркоўвалі з ім тое, што Расія чыніць ва Украіне. Не буду пераказваць — у яго словах было вельмі шмат мацюкоў з гэтай нагоды».

Перажываў Аляксандр і за тое, што адбываецца ў яго роднай краіне ў апошнія гады. Ягоны сын кажа, што бацька марыў пра свабодную Беларусь:

«Ён быў цудоўным чалавекам і жадаў нашай краіне і нашым людзям быць свабоднымі, жыць свабодна. Гэта, мабыць, самае кароткае і ёмістае, што я магу сказаць пра майго бацьку. Ён хацеў, каб Беларусь была свабоднай. І за гэтую свабоду ён загінуў».