«Дзядзька ў цябе нармальны ябацька, а ты…» Дзяўчына распавяла, як жыве на «хатняй хіміі»

Віку прысудзілі да «хатняй хіміі», тэрмін якой заканчваецца незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў 2025 года. Яна распавяла блогу «Шуфлядка», як гадаваць дзіця, пакуль адбываеш пакаранне, пра зносіны з міліцыянтамі і дзядзьку, які разганяў пратэсты.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__1_logo.jpg.webp

Валейбол альбо праваслаўе

Кожны дзень асуджаная на «хатнюю хімію» Віка праводзіць аднолькава: сядзіць дома з сынам, а выйсці па справах можа толькі на пэўны час. Спачатку ёй былі дазволеныя дзве гадзіны ў дзень, але пазней гэты перыяд скарацілі да гадзіны. У выхадныя і святы выходзіць з кватэры і зусім забаронена.

Пакуль яе сын хадзіў у садок, у Вікі хапала часу адводзіць яго туды раніцай і забіраць вечарам. А каб атрымаць дазвол прыйсці на выпускны ў дзіцячы садок, яна два месяцы спрабавала трапіць да начальніка РУУС.

«Трапіла (на прыём) за тыдзень да выпускнога. Ён мяне з мацюкамі выгнаў з кабінета. Нельга, таму што «там п'янкі». Якія п'янкі? Дзіцячы выпускны ў садку», — здзіўляецца Віка.

Прыйсці на лінейку да сына-першакласніка ёй таксама не дазволілі: праз тое, што на цырымоніі будзе «натоўп людзей». Права адводзіць яго раніцай у школу праз дарогу прыйшлося адваёўваць «з псіхамі».

Віка паскардзілася на інспектара, які не прымаў яе заявы. Пасля гэтага ёй зрэзалі знаходжанне па-за домам да гадзіны ў дзень-за гэты час яна павінна была паспяваць адводзіць дзіця на гурток.

«Быў выбар: альбо валейбол, альбо праваслаўе. Мне сын сказаў: «Я праваслаўе не хачу, таму што там навязваюць сваё меркаванне, аж да палітыкі». Да (валейбольнага) залы ісці 20 хвілін. Забраць яшчэ магу, а адвесці не магу. Калі не буду вадзіць, то будзе насядаць школа. Любяць прыстрашыць сацапекай, псіхолагам-мне гэта не трэба».

Людзі з аўтаматамі

Перад парламенцкімі і мясцовымі выбарамі ў лютым 2024 года супрацоўнікі міліцыі сталі прыходзіць да яе часцей. З праверкай маглі зазірнуць участковыя, даішнікі, інспектар па справах непаўналетніх. Аднойчы да Вікі прыйшлі чатыры разы з інтэрвалам у 20 хвілін.

«Яны могуць начамі прыйсці, з аўтаматамі. Адны могуць зайсці ў кватэру, іншыя не. Я стараюся іх не пускаць. Таму што калі прыходзяць у 2-3 ночы, у мяне дзіця спіць, раніцай у школу, яны пачынаюць гарлапаніць, дзіця падымаецца, потым цяжка ўлажыць».

Часам падчас праверак супрацоўнікі задаюць пытанні і сыну. У Вікі правяраючыя пыталіся, ці будзе яе дзіця, як і яна, «змагаром».

«Шчыра, крыўдзіць, бл@ь. Якое ты маеш права? Добра мяне — што ты маё дзіця чапаеш? За сабой глядзіце».


Глядзіце таксама

Допыт

У студзені Віка стала сведкай па справе аб прадуктовай дапамозе. Пасля ператрусу яе прывезлі ў КДБ, канфіскавалі тэлефон і дасталі сімку. Да дзяўчыны не пусцілі адваката. Следчы хацеў даведацца ў Вікі, ці дасылае ёй грошы Святлана Ціханоўская. Яна жартам адказала, што ёй дапамагаюць таксама Павел Латушка і Джо Байдэн.

Следчага цікавіла, хто аплачваў ёй адваката, і адкуль у яе некалькі сотняў рублёў, знойдзеных пры ператрусе ў кватэры. Гэта былі грошы, якія Віка сабрала на школьныя патрэбы.

З дапамогай сім-карты сілавікі змаглі аднавіць доступ у яе асабісты кабінет у «Е-дастаўцы» і спампавалі гісторыю замовы прадуктаў. Нягледзячы на пагрозы стаць абвінавачанай па крымінальным артыкуле, пасля допыту яе адпусцілі. Віку папярэдзілі, што яе могуць выклікаць у суд як сведку.

Размовы з міліцыянтамі

Перыядычна сыну Вікі неабходна праходзіць лячэнне ў бальніцы. Каб паехаць разам з ім, жанчыне «трэба браць пуцёўку» ў оперупаўнаважанага. Гэтага супрацоўніка Віка ведае даўно — у дзяцінстве яны гулялі ў адным двары.

Падчас размовы старыя знаёмыя сталі лаяцца і міліцыянт прапанаваў дзяўчыне «закрыць рот, інакш свой тэрмін яна даседзіць на зоне». Падчас сваркі, паводле слоў Вікі, ён пагражаў, што «яна з'едзе ў дурку, а дзіця апынецца ў інтэрнаце». Пазней яна пасварылася з інспектаркай. Тая прапанавала Віке «з'язджаць з раёна, а лепш з краіны», калі ёй нешта не падабаецца.


Глядзіце таксама

Паходы да інспектара

Разам з Вікай да таго ж інспектара ходзіць яшчэ адна палітзняволеная. Часам дзяўчаты гавораць з ім на беларускай мове-і міліцыянт павышае голас.

На прафілактычных гутарках «хатнія хімікі» вывучаюць інфармацыю аб адказнасці за ўдзел у пратэстах, аб умовах адбыцця пакарання і дзяржаўных сімвалах Беларусі. Кнігу чытаюць па чарзе ў калідоры, бо ў кабінеце, разлічаным на пару міліцыянтаў, не змяшчаюцца ўсе палітычныя асуджаныя з раёна.

«Спачатку супрацоўнікі перад намі гэта чыталі, садзілі нас у кабінеце. Там кабінеты маленькія, мы адзін на адным. Пасля 9 траўня нам уключалі кіно, калі тэракт рыхтавалі ў Мінску. Прымусілі глядзець. Было брыдка, мы трошкі паагрызаліся, нас выгналі», — кажа Віка.

Дзіця, мама, дзядзька-сілавік

Калі Віку затрымлівалі ў першы раз, усё гэта адбывалася на вачах у яе дзіцяці. Паводле слоў жанчыны, сын не крыўдзіцца, што мама прапускае важныя падзеі ў яго жыцці. Віка распавядае, што ў дзіцячым садку выхавальніца казала яму: «Тваю маму пасадзяць, а ты паедзеш у інтэрнат».

Аднойчы Віка не паспявала адвесці сына дадому і зайшла ў міліцыю разам з ім. Там яе дзіцяці прапанавалі паступаць у Акадэмію МУС як вырасце. Ён сказаў, што «не хоча быць мусарам».

Мама Вікі спрабуе «ўседзець на двух крэслах». Пасля ператрусу яна яе падтрымала, але часам задае пытанні накшталт «навошта лезла» і «чым дрэнна жылося».

«Табе нармальна жывецца? Ты прапрацавала ўсё жыццё на адным заводзе, пенсія 450 рублёў. Пачынаецца сезон — з красавіка па канец кастрычніка на сельгасработах. То клубніцы, то памідоры. Прыйшла камуналка — 260 рублёў без інтэрнэту. «Ой, не трэба было лезці, твой дзядзька разумны». Разумны! Ездзіў людзей збіваў, розуму палата!» — абураецца Віка.

Інспектары пры размове таксама ўспамінаюць яе дзядзьку, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у разгонах пратэстаў: «Дзядзька ў цябе нармальны ябацька, а ты еб@нутая», — пераказвае Віка размову з міліцыянтам. — Няхай я ебанутая буду, вы за сабой глядзіце».

З дзядзькам Віка мае зносіны. Калі ён прыходзіць у госці, то пытаецца, навошта Віка «лезла ў пратэсты» і скардзіцца, што на працы з яго «смяюцца, таму што пляменніца змагарка». А Віка не разумее, «як можна было дзеля прэміі ў 800 рублёў разганяць пратэсты».

«Ім за радасць гэта — выйсці кагосьці адлупіць, камусьці па мордзе даць. У мяне была пара знаёмых. Іх паставілі перад фактам: альбо звальняецеся, альбо едзеце на пратэсты. Тры чалавекі сышлі. А дзядзька непрабіўны сядзіць».

Вікін тэрмін скончыцца ў наступным годзе. Яна думае пра будучыя прэзідэнцкія выбары і хвалюецца за тое, як той час перажывуць палітычныя зняволеныя. Але галоўны яе клопат цяпер — каб дзіця засталося ў сям'і.