Пенсіянеры заменяць моладзь на прадпрыемствах?
Бясконцыя чысткі і пераслед прымусілі многія кваліфікаваныя кадры паклапаціцца пра сваю бяспеку і з'ехаць з краіны. Паўстае сур'ёзны дэфіцыт кадраў, і з гэтым трэба нешта рабіць. Лукашэнка прыдумаў выйсце — паклікаць на дапамогу свой ядзерны электарат.
На нарадзе аб развіцці прамысловасці 9 красавіка Аляксандр Лукашэнка адкрыта прызнаў праблему кадраў у гэтай сферы і артыкуляваў сваё бачанне яе рашэння: заклікаць на дапамогу «патрыятычна настроеных» пенсіянераў.
Паводле яго слоў, агулам па краіне з 27 тыс. вакансій у апрацоўчай прамысловасці 85% (23 тыс.) прыпадае на рабочыя спецыяльнасці. Лукашэнка прызнаў, што прыцягнуць 30 тыс. пенсіянераў наўрад ці атрымаецца, аднак «некалькі тысяч», на яго думку, «з задавальненнем прыйдуць і будуць працаваць і вялікую карысць прыносіць яшчэ як настаўнікі».
Наколькі жыццяздольная ідэя рашэння крызісу з кадрамі, які пагаршаецца, шляхам прыцягнення пенсіянераў? Пра гэта ў інтэрв’ю «Позірку» разважае кіраўнік «Цэнтра Мізэса» Яраслаў Раманчук.
«Лукашэнка разумее, што ў яго могуць купіць больш, але зрабіць больш — няма каму»
— Чаму Лукашэнка пачаў адкрыта казаць пра кадравы голад, прыводзячы лічбы і назвы прадпрыемстваў?
— Перад ім замаячыла перспектыва зарабіць яшчэ больш на вайне. Пуцін і яго ўрад узялі выразную арыентацыю на ізаляцыю, на скарачэнне імпарту. Беларусь уваходзіць у зону як бы ўнутранага рынку Расіі, і гэта адкрывае магчымасць перад беларускімі прадпрыемствамі ў цэлым шэрагу рынкавых нішаў. Лукашэнка гэта выдатна разумее са зместу інвестыцыйных праектаў, якія прапануюць расійцы. І ён як «кіраўнік» і «ўласнік усяго» выступае ў якасці выканаўчага дырэктара. У дадзенай сітуацыі яму далажылі, дзе і чаго не хапае. І ён, як на нарадзе цяпер ці на лятучцы ў калгасе, пачынае «муштраваць» такія прадпрыемствы.
Сапраўды, працоўных не хапае. Лукашэнка разумее, што ў яго могуць купіць больш, а ён не можа зрабіць больш. Расіяне за апошнія два гады зрабілі добры аўдыт беларускай прамысловай базы. Яны гатовыя ўкладваць грошы, але, натуральна, патрэбныя кадры. Аднак іх няма, паколькі кадры ў нас не толькі часцяком некампетэнтныя, але і палахлівыя і не прымаюць беларускую дыктатуру.
Лукашэнка разумее, што калі цягам года нічога не зрабіць, то цягнік [які дае магчымасць зарабіць на вайне] можа хутка сысці, а канчатковы прыпынак гэтага цягніка — безумоўна, перамога Украіны ў вайне.
Гэта той часавы зазор, калі Лукашэнка сапраўды можа зарабіць на вайне беспрэцэдэнтна шмат для сябе і паспрабаваць чарговы раз мадэрнізаваць прамысловасць за кошт расійскага рынку.
Не варта забываць таксама, што гэта год электаральнай кампаніі. Гэта ўсё частка ідэалагічнай падтрымкі. Ён кажа: «Я запусціў заводы. Санкцыі? Глядзіце, у крамах усяго поўна, працаваць усе сталі яшчэ больш, нават у тры змены».
«У пенсіянераў няма патэнцыялу для працы на мадэрнізаваных прадпрыемствах»
— Што крыецца за заявай аб прыцягненні да працы «патрыятычна настроеных» пенсіянераў? Ці азначае гэтая рэмарка прызнанне ў чыстках працоўных шэрагаў з палітычных матываў — тых, што ўжо адбыліся і якія рыхтуюцца?
— «Чысціць» больш няма каго. Калі «чысціць» далей — выдаткі становяцца ўжо відавочнымі. Я не думаю, што гаворка ідзе пра «чысткі» таго, што засталося. Тыя, хто нешта выказваў або рабіў, ужо альбо з’ехалі, альбо ў турме, альбо прыціснулі вушы.
Лукашэнка, робячы гэтую заяву, кажа: я даю магчымасць зарабіць пенсіянерам, якія ў Беларусі часта скардзяцца на нізкую пенсію. Гэта такі піяр-ход.
Не выключана, што ён можа пайсці на такі крок, які даўным-даўно наспяваў: не скарачаць пенсію працуючым пенсіянерам. Спачатку ён яе скараціў, а цяпер «жэстам пана» верне, і працуючыя пенсіянеры атрымаюць у поўным памеры пенсію і нешта заробяць.
Аднак, калі мы гаворым пра сучасныя, мадэрнізаваныя прадпрыемствы — каго ён прыцягне на іх і за колькі? Я сумняваюся, што сярод пенсіянераў, якія не працуюць, ёсць такі магутны чалавечы патэнцыял і кампетэнцыі, каб запускаць праекты, пра якія заікаецца Лукашэнка.
— Лукашэнка казаў таксама пра «настаўніцтва». Гэта жаданне ідэалагічна перакаваць больш маладых работнікаў?
— Яму даўно казалі пра дуальную сістэму адукацыі ў Германіі, калі ёсць інстытут настаўнікаў, калі школа і ўніверсітэт разам і са школы або ўніверсітэта людзі ведаюць, дзе будуць працаваць. У Савецкім Саюзе таксама былі настаўнікі і дынастыі. Лукашэнку гэта напісалі спічрайтэры дзеля чырвонага слоўца, якое наўрад ці будзе мець практычныя наступствы ў эканамічнай палітыцы.
«Хоча ўмацаваць імідж добрага гаспадарніка, які клапоціцца пра ўсіх»
— На нарадзе прагучала адмова ад ідэі замахнуцца на 30 тыс. пенсіянераў, якія маглі б развязаць кадравыя праблемы, і выказаная гатоўнасць задаволіцца некалькімі тысячамі — ці азначае гэта прызнанне, што і ў пенсіянерах ён таксама больш не ўпэўнены?
— У Беларусі 2,4 млн. пенсіянераў па ўзросце, яшчэ прыкладна 350 тыс., якія выходзяць на пенсію раней, гэта людзі ва ўзросце ад 40+ да 65. Абсалютна нармальныя мужыкі і жанчыны, якія маглі б працаваць. Але ён разумее, што яму для іх няма чаго прапанаваць. Калі ён прапануе ўмовы, якія цяпер на рынку працы — заробак у 800 рублёў «бруднымі», пенсіянеры на такое дакладна не пойдуць.
Таму тэму пенсіянераў цяпер трэба разглядаць з пункту гледжання таго, як ён вядзе перадвыбарчую кампанію. Ён хоча спадабацца, умацаваць імідж добрага гаспадарніка, які клапоціцца аб любым чалавеку, дае магчымасць зарабіць у тым ліку пенсіянерам. А 30 тыс. — лічба, узятая са столі.
— Узнятую тэму пенсіянераў варта разглядаць як прамы зварот Лукашэнкі да свайго асноўнага электарату?
— Так, пенсіянеры — гэта людзі, якія памятаюць, як у 1994 годзе, калі ім было па 30-40 гадоў, ён абяцаў ім запусціць заводы. Усё іх працоўнае жыццё прайшло пры Лукашэнку.
Ён нагадвае пенсіянерам, колькі часу яны былі разам, і прапануе быць разам да канца.
«Вакол ворагі, душаць, шчымяць нас, а мы павінны ратаваць краіну, вы наша надзея і апора», — такая думка ў яго ў галаве, яе ён транслюе, і гэта абсалютна прадказальна.
«Звяртаецца да сілавікоў, якія распужалі працоўную сілу»
— Калі ідэя з прыцягненнем пенсіянераў, якія могуць вырашыць кадравы голад, нежыццяздольная, як вы ацэньваеце верагоднасць таго, што ўлады пачнуць прыцягваць гастарбайтэраў?
— Яны ўжо спрабавалі прыцягваць кітайскіх рабочых за 1.000 долараў у месяц. Гэта нявыгадна, таму што адзін заробак такога спецыяліста роўны двум заробкам беларусаў. Такіх высокатэхналагічных гастарбайтэраў, якія б працавалі на сучаснай вытворчасці, у свеце проста няма.
Лукашэнка, кажучы пра кадры, не проста канстатуе праблемы на рынку працы. Гэта яшчэ і зварот да сілавікоў, якія перастараліся, таму што распужалі ўсю працоўную сілу. Калі паглядзець, як разбурыліся прафесійныя пласты і «белых каўнерыкаў», і іншых спецыяльнасцей (лекары, адвакаты, дызайнеры, будаўнікі), натуральна, яго турбуе, хто ж тут застанецца. Ці не давядзецца працаваць адвёрткамі менавіта з пенсіянерамі, якія ўжо не могуць нікуды з’ехаць і з-за ўзросту, і з-за паніжанай здольнасці адаптавацца да новых умоў.
— Кадравы голад можа падштурхнуць улады да зніжэння ўзроўню рэпрэсій?
— Так, асабліва ў гэты год. Лукашэнка бачыць, што структуры грамадзянскай супольнасці няма, СМІ зачышчаныя. З 2020 года назіраецца татальная дамінацыя сілавікоў. У сілавіках, калі зрабіць паўнавартасную ацэнку выгады і выдаткаў, для Лукашэнкі ёсць палітычная выгада. Але на гэтым фоне пачалі выяўляцца эканамічныя, сацыяльныя выдаткі, звязаныя з тым, што ён мог бы зарабіць значна больш, калі б у яго былі людзі.
ПВТ больш няма, будаўніцтва няма, ён мог бы зарабіць на экспарце ў Расію мільярды долараў, але вырабляць няма каму і няма што.
Гэта і ёсць наступствы яго абыходжання з людзьмі. У расійскай эканоміцы рабочая сіла агрэгаваная, а ў Беларусі гэта — сацыяльныя колы, яны вельмі ўразлівыя, тым больш, у нас няма жалезнай заслоны. Таму я лічу, што такі фактар будзе станоўча ўплываць, наколькі гэта магчыма, на стаўленне да людзей.
***
У эканоміцы Беларусі ў лютым 2024 года было занята 4 млн. 132,9 тыс. чалавек — на 0,09% больш (+3,8 тыс.), чым у студзені, і на 39,5 тыс. менш, чым у лютым 2023-га (-0,95%), сведчыць праведзены «Позіркам» аналіз інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
У студзені 2023 года налічвалася 4 млн. 172,9 тыс. работнікаў, лютым — 4 млн. 172,4 тыс., сакавіку — 4 млн. 175,9 тыс., красавіку — 4 млн. 163,8 тыс., траўні — 4 млн. 150,7 тыс., чэрвені — 4 млн. 148,1 тыс., ліпені — 4 млн. 147 тыс., жніўні — 4 млн. 151 тыс., верасні — 4 млн. 137,9 тыс., кастрычніку — 4 млн. 143,3 тыс., лістападзе — 4 млн. 140,5 тыс., снежні — 4 млн. 140,1 тыс., у студзені 2024 года — 4 млн. 129,1 тыс.