«Малю, Аляксандр Рыгоравіч, калі ласка, захавайце жыццё майму сыну»

Маці прыгаворанага да смерці Паўла Селюна звярнулася да кіраўніка краіны ў Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання.



sielyun.jpg

Тамара Селюн, маці Паўла Селюна
Я малю, малю, Аляксандр Рыгоравіч… Калі ласка… Памілуйце майго сына. Ён ніколі не быў бандытам, ніколі… Ён быў найдабрэйшай душы чалавек», —Тамара Селюн чытае напісаны ад рукі тэкст са слязьмі ў голасе. Спыняецца на некалькі секунд і працягвае чытаць. Пакуль не зрываецца ў плач.
Аляксандр Лукашэнка — адзіная надзея для Тамары. 12 чэрвеня Гродзенскі абласны суд прызнаў яе сына Паўла Селюна вінаватым у падвойным забойстве, абцяжараным здзекамі з целаў забітых, расчляненнем, а таксама крадзяжом рэчаў і дакументаў. Паўла прысудзілі да расстрэлу. 17 верасня Вярхоўны суд пакінуў вердыкт без зменаў.

Маці Паўла Селюна неаднойчы спрабавала паразмаўляць з Лукашэнкам, пераканаць яго памілаваць сына. Марна. На прыём да кіраўніка дзяржавы яе не пусцілі.


Застаецца толькі зварот праз СМІ. Тамара спадзяецца, што калі Лукашэнка асабіста сустрэнецца з яе Паўлам, то зразумее: сына нельга забіваць.
«Калі б мне прыйшлося сустрэцца з нашым прэзідэнтам, я б яго асабіста папрасіла пагаварыць з маім сынам. Пагаварыць. Магчыма, ён тады б мог зразумець проста па-людску, што гэта зусім іншы чалавек. Не той, які мог гэта ўсё зрабіць…»

У Любові Кавалёвай, якая таксама прыйшла на арганізаваную праваабарончай арганізацыяй «Вясна» прэс-канферэнцыю, просьбаў да Лукашэнкі больш няма.


Прашэнне ў адрас кіраўніка краіны ёй не дапамагло — сына расстралялі вясной 2012 года. Цяпер Любоў бясконца абівае парогі, спрабуе даведацца, дзе пахаваны яе сын Улад. Але з усіх інстанцый адказ адзін — цішыня.

«Наша дзяржава маўчыць. Мы ў прынцыпе не ведаем, што зараз нам рабіць. Як нам быць. Гэта ўсё вельмі цяжка. Мы хочам, каб у будучыні смяротныя выракі не выконваліся. Незалежна ад таго, было злачынства альбо не. Для бацькоў у кожным выпадку складана, калі ты не можаш прыйсці на магілу».


На фоне гэтых слоў выступы праваабаронцаў кранаюць значна менш. Хоць расказваюць яны не менш страшныя рэчы.

Пра тое, напрыклад, што амаль мільён беларусаў не ведае аб існаванні смяротнага пакарання ў нашай краіне.


Напрыканцы Валянцін Стэфановіч цытуе словы спявачкі Ганны Хітрык аб недапушчальнасці смяротнага пакарання. Гаворыць, што яны ўразілі нават яго.

«У адрозненне ад забойцаў, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, якія маюць нейкія псіхічныя адхіленні, альбо іх розум засціла прага нажывы ці нейкая іншая прага, мы з вамі — добранадзейныя грамадзяне. І мы ў цвярозым розуме і чыстай свядомасці сядзім і разважаем, будзе чалавек жыць альбо не».


Пытанняў у журналістаў на гэтай няпростай прэс-канферэнцыі амаль няма. Задаваць іх трэба не тым людзям, якія на ёй прысутнічаюць.
euroradio.fm