Максім Жукаў просіць надаць імя Адамава вуліцы Савецкай у Вялікіх Лётцах
Уладальнік сядзібы батаніка Адамава Максім Жукаў прапануе пераназваць вуліцу Савецкую ў Вялікіх Лётцах у вуліцу Уладзіміра Адамава. Электронная петыцыя з просьбай аб перайменаванні з'явілася 4 лістапада на пляцоўцы «Зручны горад». Электронны зварот будзе накіраваны ў Віцебскі райвыканкам.
«Мы хочам аднавіць памяць пра гэтага выбітнага навукоўцу і перайменаваць вуліцу Савецкую ў вёсцы Вялікія Лётцы Віцебскага раёну ў вуліцу батаніка Уладзімера Адамава», – гаворыцца ў петыцыі.
Яе аўтары спасылаюцца на арт.20 закону «Аб найменнях геаграфічных аб'ектаў», паводле якога прапановы аб пераназве складальных частак населеных пунктаў могуць падаваць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Такім чынам, Віцебскі райвыканкам мае магчымасць скарыстацца гэтым правам і ўнесці прапанову аб перайменаванні ў Віцебскі райсавет.
Вядомы навукоўца-батанік, даследчык флоры Усходняй Еўропы, аўтар шматлікіх навуковых працаў і стваральнік унікальнага батанічнага саду ў Вялікіх Лётцах у 1920-х гадах быў выгнаны са сваёй сядзібы савецкай уладай. Па іроніі лёсу, вуліца, на якой размяшчаецца сядзіба, носіць назву Савецкай…
Нагадаем, сёлета колішняя сядзіба Адамава ў Вялікіх Лётцах перайшла ва ўласнасць віцебскага прадпрымальніка Максіма Жукава. Культурны дзеяч ператварае сядзібу ў культурны цэнтар.
«Ёсць homo sovieticus, якія проста не даюць нічому развівацца»
Петыцыю можна падпісаць да 17 лістапада.
vitebskspring.org