Маці асуджанага паводле наркатычнага артыкулу спыніла галадоўку ля мінскай турмы

Марына Мацулевіч, якая два дні галадала каля мінскага следчага ізалятару нумар 1, спыніла сваю акцыю. Пра гэта яна паведаміла карэспандэнту «Радыё Свабода».

77e500d8_35b3_4815_83d9_09bd907057b1_w1023_r1_s.jpg

Паводле жанчыны, яе 31-гадовага сына, мастака Рамана больш за год утрымліваюць за кратамі. Ён быў затрыманы разам з сябрам і асуджаны летась у ліпені Савецкім раённым судом Мінска паводле артыкулу 328.3 да 14 гадоў зняволення. Сёлета апеляцыйны суд змяніў частку з 328.3 на 328.2 і зменшыў тэрмін пакарання на 1 год.

Сёння Марына Мацулевіч аднесла заяву ў пракуратуру, у якой патрабуе дадаткова разабрацца ў сітуацыі. Яна настойвае на істотных парушэннях падчас следства і лічыць, што яе сына павінны былі судзіць паводле часткі 1 артыкулу 328. Яна мяркуе, што ў такім выпадку, свой тэрмін ён ужо адседзеў бы і меў выйсці на волю.

У прыватнасці, у пратаколе не адзначана, што Раман актыўна садзейнічаў следству. У выніку з яго быў зняты эпізод адносна распаўсюду наркатычных сродкаў, але пакінута тое, што ён дзейнічаў у складзе «міжнароднай злачыннай групоўкі».

Марына Мацулевіч кажа, што галадоўка прайшла без эксцэсаў. Міліцыянты яе не чапалі, яна сядзела на лавачцы перад будынкам турмы, ніякіх плакатаў у яе не было. Паводле жанчыны, эфект ад акцыі дасягнуты — на яе праблемы звярнулі ўвагу прэса і дзяржаўныя ўстановы.

Падтрымаць жанчыну прыходзілі іншыя маці, дзеці якіх гэтаксама асуджаныя паводле наркатычнага заканадаўства.

www.svaboda.org