Марына Мацулевіч абвесціць галадоўку на Дзень маці
Марына Мацулевіч, сын якой асуджаны па артыкуле 328 напісала на сваёй старонцы ў фейсбуку, што збіраецца абвесціць аднадзённую галадоўку на Дзень маці — 14 кастрычніка.
«На дзень маці, 14 кастрычніка, я буду праводзіць аднадзённую галадоўку ў падтрымку Канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, які так старанна спрабуюць разбурыць некаторыя службовыя асобы, якія фальсіфікуюць справы, або выносяць незаконныя пастановы», — піша Марына Манцулевіч.
«Хто ў гэты дзень праявіць салідарнасць і таксама будзе галадаць пішыце. Усё ж такі важна ведаць, што ты не адна», — папрасіла Марына Мацулевіч.
Сын бізнес-трэнеркі Марыны Мацулевіч быў асуджаны на 13 гадоў па 4 ч артыкула 328 КК. Па словах маці, справа была сфальсіфікаваная і яе сына мусілі вызваліць: паколькі сын выканаў патрабаванні, прадугледжаныя заўвагай да артыкула 328 КК, ён падлягаў вызваленню ад адказнасці.
Каб звярнуць увагу да гэтай праблемы Марына Мацулевіч каля ўваходу ў СІЗА № 1 па вул. Валадарскага 6 кастрычніка абвясціла галадоўку: яна патрабавала сустрэчы з Генеральным пракурорам і вызвалення сына. 7 кастрычніка да Марыны далучылася Наталля Старавойт, сын якой асуджаны па арт 328 на 11,5 гадоў. Жанчына таксама заявіла, што падчас следства і суда неаднаразова парушаўся закон і патрабавала правядзення адпаведных праверак.
Марына Мацулевіч і Наталля Старавойт спынілі галадоўку 8 кастрычніка. Як паведаміла БелаПАН Наталля Старавойт, жанчыны прынялі такое рашэнне ў сувязі з тым, што «для беларускай дзяржавы каштоўнасць чалавечага жыцця нічога не значыць, таму няма чаго губіць сваё здароўе дарэмна, трэба дамагацца справядлівасці».