Лёс беларускай мовы павінен перастаць быць прадметам геапалітычнага гандлю, лічыць Вінцук Вячорка
Лёс беларускай мовы павінен перастаць быць прадметам геапалітычнага гандлю, тады "ўсё будзе нармальна, бо ў нас шматвяковы запас трываласці". Такую думку выказаў 13 чэрвеня беларускі мовазнаўца, былы кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка ў Гомелі на сустрэчы, прысвечанай пашырэнню моўнай прасторы. У мерапрыемстве, арганізаваным маладзёжнай краязнаўчай грамадскай арганізацыяй "Талака", узяў удзел таксама мовазнаўца, амбасадар Пётр Садоўскі.
Лёс беларускай мовы павінен перастаць быць прадметам геапалітычнага гандлю, тады "ўсё будзе нармальна, бо ў нас шматвяковы запас трываласці". Такую думку выказаў 13 чэрвеня беларускі мовазнаўца, былы кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка ў Гомелі на сустрэчы, прысвечанай пашырэнню моўнай прасторы. У мерапрыемстве, арганізаваным маладзёжнай краязнаўчай грамадскай арганізацыяй "Талака", узяў удзел таксама мовазнаўца, амбасадар Пётр Садоўскі.
На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні пашырэння моўнай прасторы, нацыянальныя формы імёнаў, прозвішчы як сямейныя і нацыянальныя каштоўнасці, геаграфічныя назвы, адметнасць беларускай мовы.
"Людзі неабыякавыя, для якіх беларуская мова ёсць каштоўнасць, якія рэальна ёй валодаюць, проста мусяць нейкі бар’ер пераадолець і пачынаць гаварыць на мове. Гэта не тое што не
выклікае непаразумення, а наадварот, імкліва пашырае беларускамоўную прастору, бо людзі пачынаюць рэфлекторна адказваць па-беларуску, нават на ўзроўні падсвядомасці", — сказаў
Вячорка. "У нас ёсць шмат неасвоеных моўных скарбаў: геаграфічныя назвы, нашы ўнікальныя імёны, непаўторныя выслоўі. З непаўторных культурных рэчаў складаецца непаўторны культурны
код", — дадаў ён.
Паводле слоў Вячоркі, важна, каб дзяржава ставілася да роднай мовы спрыяльна, а не варожа. "Маючы ілюзію наконт вечнай дапамогі з боку Расіі, цяперашнія улады дэманструюць ёй лаяльнасць праз
тое, праз што нельга яе дэманстраваць: што Беларусь — адзіная краіна постсавецкай прасторы, у якой расійская мова дзяржаўная. І атрымліваецца, што беларускай мове адводзіцца маленькая ніша,
з якой ёй не дазваляецца падняцца", — сказаў Вячорка.
Варта адзначыць, што моўная сустрэча ў Гомелі пачалася з непрыемнасці: адміністрацыя гатэля "Надзея" адмовілася выдзеліць памяшканне для мерапрыемства "Талакі" без
тлумачэння прычын, хаця кіраўнік аб’яднання Яўген Меркіс загадзя дамовіўся пра памяшканне і заплаціў грошы. Раніцай 13 чэрвеня яму патэлефанавалі і паведамілі пра скасаванне дамовы.
"Мне ў адміністрацыі гатэля пра прычыну сказалі: ну, скажам так, аблвыканкам у нас заняў усе памяшканні", — заявіў Меркіс. Мерапрыемства адбылося ў іншым месцы.
"Гаворка пра беларускую мову, імёны і назвы, пра тое, што, здавалася б, усіх нас, беларусаў, павінна аб’ядноўваць, — і раптам пачынаюцца паранаідальныя рэакцыі, зрываюць
падзею. Не ведаю, у чым прычына. Думаю, той, хто прымаў дадзенае рашэнне, не праявіў ні розуму, ні беларускага патрыятызму", — пракаментаваў сітуацыю Вінцук Вячорка.
Алена Германовіч, БелаПАН