Лябедзька: Каб адолець карупцыю неабходны грамадскі кантроль над уладай
Напрыканцы лістапада 11 беларускіх апазіцыйных партый і грамадскіх арганізацый прэзентавалі праект Антыкарупцыйнай платформы, абмеркаванне якой зараз ідзе па ўсёй Беларусі.
На антыкарупцыйныя захады апазіцыі ўлада адказала стварэннем чарговай бюракратычнай структуры – Міждзяржаўнага савета па супрацьдзеянні карупцыі.
Не так даўно была агучана ідэя аб неабходнасці стварэння грамадскага антыкарупцыйнага камітэту. Усё гэта не магло не выклікаць рэфлексію ўладаў. На ініцыятывы апазіцыі адмысловым артыкулам адрэагавала «Советская Белоруссия», а некалькі дзён таму стала вядома аб стварэнні ў межах СНД Міждзяржаўнага савета па супрацьдзеянні карупцыі, арганізацыйнае пасяджэнне якога спешна прызначана на 29 студзеня.
Адметна, што дзяржава і апазіцыя прапануюць абсалютна розныя стратэгіі змагання з карупцыяй.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька ўпэўнены – без шырокага грамадскага кантролю над дзейнасцю чыноўнікаў не можа быць паспяховага змагання з карупцыяй. Таму новая міждзяржаўная структура – не больш, чым стварэнне «цёплых мястэчак» для сваіх прадстаўнікоў. Пра гэта ён паведаміў у каментары сайту ucpb.org.
«Праблема карупцыі звышактуальная і для Беларусі, і для Расіі, і для іншых краін постсавецкай прасторы, – адзначае Анатоль Лябедзька. – Тут мы адны з сусветных лідэраў. Але стварэнне Міждзяржаўнага савета па супрацьдзеянні карупцыі наўрадці можа быць паспяховым, таму што ўнутрынацыянальная практыка не прынесла поспехаў у змаганні з карупцыяй ні ў адной з краінаў. Чым яны будуць займацца ў агульным савеце, сказаць складана. Пакуль усё выглядае так, што новую працу і новыя добрыя заробкі атрымае дзесятак-другі чыноўнікаў, і на гэтым усё закончыцца. Будуць толькі нейкія справаздачы. Пакуль не існуе шырокага грамадскага кантролю над дзейнасцю чыноўнікаў, пакуль дзяржавы занадта шмат у эканоміцы, ва ўпраўленні, не можа быць паспяховага змагання з карупцыяй».