Лізавету Кірыенка, якая адбыла 10 сутак за лампадкі ля сабора, не выпусцілі на свабоду

23-гадовая Лізавета Кірыенка павінна была выйсці на волю з віцебскага ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ) позна ўвечары 6 траўня. Але не выйшла, паведамляе «Віцебская вясна».

c865d8ec4e84a21ba22c5a0c805e56fc_xl.jpg

За некалькі дзясяткаў хвілін да заканчэння тэрміну адміністрацыйнага арышту стала вядома, што дзяўчыну не выпусцяць. Пра гэта паведаміла маці затрыманай.

Паводле інфармацыі мамы Лізаветы Святланы, якая збіралася сустрэць дачку на выхадзе з ізалятара, яе дачку затрымалі яшчэ на трое сутак.

«Добры дзень, Кірыенка Лізавета затрыманая яшчэ на 72 гадзіны без тлумачэння прычын», — даслала паведамленне праваабаронцам спадарыня Святлана, спасылаючыся на адваката дачкі. Больш дакладнай інфармацыі пакуль няма.

Як лічыць віцебскі праваабаронца Павел Левінаў, дзяўчыну маглі затрымаць паводле новай адміністрацыйнай справы, але маглі і ў межах крымінальнай.

Нагадаем, Лізавета Кірыенка была затрыманая ў Віцебску ўвечары 26 красавіка разам з Марыяй Амасовіч. У дзень чарнобыльскай трагедыі на прыступках Уваскрасенскага храма яны запалілі дзве чырвоныя лампадкі. Суддзя Уладзімір Царыкаў палічыў гэта несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам (арт. 24.23 КаАП) і прысудзіў Лізавеце 10 сутак адміністрацыйнага арышту, а Марыі — 20 сутак.

Лізавета Кірыенка працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. Пасля затрымання ў кватэры, якую яна здымае ў Віцебску, прайшоў ператрус.

Уладзімір Бяляўскі, viciebskspring.org