«Водзяць на ланцугу». Жонка палітвязня з анкалагічным захворваннем — пра умовы, у якіх трымаюць мужа
54-гадовага жыхара Віцебска Уладзіміра Малахоўскага ў сакавіку гэтага года асудзілі за гвалт да супрацоўнікаў міліцыі. У мужчыны анкалагічнае захворванне. Беларускія праваабаронцы прызналі Малахоўскага палітвязнем. Яго жонка Ірына распавяла TUT.BY, у якіх умовах мужчыну ўтрымліваюць у Віцебскім СІЗА-2: «Я вельмі хвалююся за ягонае здароўе. Але больш за ўсё мяне абурае, што мужа водзяць на ланцугу — нібы нейкага страшнага злачынца».
Ірына размаўляла з Уладзімірам на спатканні ў СІЗА. Мужчына,
па яе словах, быў у кайданках з ланцугом:
— Мы размаўлялі з мужам па тэлефоне, праз шкло. І на ім былі
надзетыя кайданкі з доўгім ланцугом. Ланцуг, пакуль мы размаўлялі, прычапілі да
металічнай рашоткі. Я спытала ў мужа, што ўсё гэта значыць. Ён сказаў, што ў
яго артыкул 364 КК (Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да міліцыі). Тады я
пацікавілася: «А што, усіх так на ланцугу трымаюць, ці толькі цябе?». Ён
адказаў, што толькі яго. Я не разумею, мой муж што — страшны бандыт?
14 красавіка Уладзіміра даставілі з СІЗА на агляд у
анкалагічны дыспансер.
— Ён напісаў мне, што і да лекара яго таксама вадзілі ў
кайданках з ланцугом. Сапраўды гэтак жа яго пераводзяць з камеры ў камеру, па
калідоры ў СІЗА. Адзін раз, распавёў муж, яго матрац нёс не ён сам, а ахоўнік.
Сам Уладзімір не мог гэтага зрабіць з-за гэтых кайданкоў з ланцугом і з-за
хворага пальца — яму яго зламалі пры затрыманні, і костка дрэнна зраслася, палец
не згінаецца.
Як водзяць Малахоўскага на прагулкі, жонка не ведае:
— На маё пытанне: «Што, таксама ў кайданках з
ланцугом?» Уладзімір прамаўчаў.
Цяпер ва Уладзіміра 3-я група інваліднасці, ён чатыры разы
перанёс хіміятэрапію.
— Лекары кажуць, што цяпер яго стан стабільны, метастаз
няма. Але папярэдзілі, што хвароба можа аднавіцца пры моцным стрэсе, нервовым
узрушэнні. Таму я вельмі перажываю за мужа. У СІЗА ж чалавек не можа ўдзень
прылегчы, адпачыць. А ва Уладзіміра дранцвеюць рукі і ногі, бывае, ён іх наогул
не адчувае. Узімку ён перанёс у ізалятары бранхіт, ляжаў пад кропельніцай. Кашляе
да гэтага часу. Учора атрымала ад мужа ліст. Піша, што напала туга. Але кажа,
што кормяць нядрэнна. Плюс я ваджу перадачы. Усё гэта нялёгка перажываць: за
гэты час я схуднела на 8 кг — з 56 да 48 кг.
У сям'і двое дзяцей — 11-гадовы сын і 13-гадовая дачка. Ірына
працуе прыбіральшчыцай, яе зарплата — каля 370 рублёў.
— Дзеці пішуць тату, вельмі сумуюць па ім, а ён — па ім.
Калі Уладзімір на спатканні пытаецца пра сына і дачку, у вачах у яго слёзы.
Жанчына кажа, што сям'і дапамагаюць матэрыяльна сваякі і
знаёмыя.
— Свет не без добрых людзей. Бульба, морква ёсць — у нас
свой участак. Неяк жывем. Праўда, дзеці хутка растуць, і трэба пастаянна
думаць, як ім купіць вопратку і абутак.
25 траўня абласны суд разгледзіць скаргу Уладзіміра
Малаховского на рашэнне суда Першамайскага раёна Віцебска, які 1 сакавіка
прызнаў яго вінаватым у гвалце да міліцыянтаў і асудзіў на 3,5 года калоніі.
Справу разглядала суддзя Таццяна Родзіна.
Паводле прысуду суда Малахоўскі павінен выплаціць тром
пацярпелым міліцыянтам Юрыю Качыхіну, Аляксею Емяльянаву і Пазнякову 3 тысячы
рублёў кампенсацыі маральнай шкоды — па тысячы кожнаму.
Паводле абвінавачання, 13 верасня 2020 года Уладзімір
Малахоўскі «прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсці ў Віцебску, спрабаваў
нанесці траўматычныя ўдары па розных частках цела міліцыянтаў, чапляўся за
форму, пашкодзіў яе і завалодаў міліцэйскім жэтонам». Пазней, калі яго
затрымалі, ён распыліў газ з балончыка ў бок супрацоўнікаў. Так, па версіі
пракуратуры, Малахоўскі «нанёс пабоі і прычыніў фізічны боль» супрацоўнікам міліцыі.
З 13 студзеня мужчына знаходзіцца ў віцебскім СІЗА-2.
У судзе Уладзімір Малахоўскі віну не прызнаў. Распавёў, што
пры затрыманні яго моцна збілі і зламалі палец.
Міліцыянт Юры Качыхін у судзе сцвярджаў, што абвінавачаны
ужыў супраць яго «барцоўская захоп». На пытанне, як ён вызваліўся, сілавік
адказаў, што толькі з дапамогай калег.