Крымінальную справу палітвязня Ягора Лебядка перадалі ў суд

Пракуратура накіравала ў Мінскі абласны суд крымінальную справу ў дачыненні да 40-гадовага жыхара Смалявіцкага раёна. У афіцыйным паведамленні імя абвінаваначанага не называецца, але на ўвазе маецца дакладна ваенны эксперт Ягор Лебядок — супадаюць ініцыял, узрост, месца жыхарства і сутнасць палітычна матываванай справы. 

1647240093_00_2c98f72381d8e56e50af49e16578e18c5ce61cf0.jpg

Ягора Лебядка будуць судзіць за два інтэрв'ю прызнанаму экстэмісцкім рэсурсу (гаворка, хутчэй за ўсё, пра «Е*рарадыё»).

Згодна з матэрыяламі справы, «Л. у красавіку і траўні 2022 года з персанальнага кампутара, падлучанага да сеткі інтэрнэт, у мэтах забеспячэння дзейнасці публічнага дэструктыўнага канала, інфармацыйную прадукцыю якога суд прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі «спецыяльнай ваеннай аперацыі» на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

Паводле меркавання пракуратуры, інтэрв'ю «спрыяла распаўсюджванню ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Беларусі».

Ваеннага эксперта будуць судзіць паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Ягора Лебядка затрымалі 12 ліпеня. Спачатку на яго завялі адну справу аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці — за адно інтэрв'ю, а ў канцы кастрычніка выставілі новае абвінавачанне паводле таго ж артыкула — за другое інтэрв'ю.