Суд дадаў 22 мільёны рублёў да кампенсацый, якія павінны выплаціць фігуранты «справы Ціханоўскага»
Пра гэта стала вядома з ліста Мікалая Статкевіча, напісала ў Фэйсбук яго жонка Марына Адамовіч.
«Суд у Гомелі дадаў 22 мільёны рублёў да выплат кампенсацыі за нанесены Мікалаем Статкевічам (з «падзельнікамі» — на шасцярых) урон — для выплат супрацоўнікам МУС за дадатковы час на службе падчас паслявыбарных пратэстаў. Пра гэта паведаміў Мікалай у лісце ад 03.11.22», — напісала Марына Адамовіч.
«А я, наіўная, думала, што разгон пратэстоўцаў уваходзіць у службовыя абавязкі пазначаных супрацоўнікаў. Аказваецца, не. Гэта — «па зове сэрца», звышурочна», — пракаментавала гэтыя звесткі Марына Адамовіч.
«Зацаніце маштаб. Да гэтага, «па рашэнні суда» была сума ўсяго толькі ў 1 млн долараў на шасцярых. Ну хто ж на такія дробязі ўвагу звяртае. Вось, вырашылі «дабавіць». Нават не ведаю, плакаць ці смяяцца», — напісала яна.
Варта адзначыць, што Мікалая Статкевіча затрымалі яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, 31 траўня 2020 года, па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Спачатку яго асудзілі на 15 сутак, потым яшчэ на 15, а пасля распачалі крымінальную справу.
У снежні мінулага года суд, які праходзіў у закрытым рэжыме на тэрыторыі СІЗА, прыгаварыў Статкевіча да 14 гадоў пазбаўлення волі. Разам з ім судзілі Сяргея Ціханоўскага (18 гадоў калоніі), блогера Ігара Лосіка (15 гадоў), сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкія выбары Арцёма Сакава (16 гадоў), мадэратара сацсетак праекта «Краіна для жыцця» Дзмітрыя Папова (16 гадоў) і блогера Уладзіміра Цыгановіча (15 гадоў калоніі).
Адрас для лістоў: ПК № 13. 211791, г. Глыбокае, вул. Савецкая, 205. Статкевіч Мікалай Віктаравіч.