Круп, ларынгаспазм, вірусны ларынгатрахеіт — наколькі гэта страшна? Спытайце ў педыятра
Круп выглядае страшна. Дзіця бесперапынна кашляе, не можа ўдыхнуць нармальна паветра, крычыць і плача. Здараецца звычайна з дзецьмі малодшага ўзросту на фоне віруснай інфекцыі. Што рабіць бацькам, тлумачыць доктар Мая Церакулава.
Круп — гэта рэфлекторны спазм цягліц гартані. Здарыўся раз — з вялікай доляй верагоднасці паўторыцца. Праходзіць з узростам. У малых пабудова падскладкавай прасторы, фізіялогія лімфоіднай тканіны спрыяе развіццю крупу. У дзяцей школьнага ўзросту ларынгіты нярэдкія, а вось стэнозу гартані ўжо не адбываецца.
Круп здараецца звычайна ноччу. Ацёк тканак на фоне запалення ў гарызантальным становішчы выклікае рэфлекторны спазм. Увесь дзень у дзіцяці была звычайная ВРВІ, з саплямі і тэмпературай, а сярод ночы — круп. Характэрная прыкмета — гаўклівы кашаль. Ёсць іншыя, больш небяспечныя станы, якія могуць выклікаць абцяжараны ўдых. Але пры эпіглатыце не бывае гучнага гаўклівага кашлю, а пры іншародным целе ў гартані не бывае тэмпературы.
Круп — не рэдкасць. Звычайна дастаткова амбулаторнага лячэння. Акрамя стандартных гарачкапаніжальных, багатага пітва і вільготнага паветра, як пры любой ВРВІ, пры крупах рэкамендуюць стэроідныя сродкі ў інгаляцыях. А канкрэтна — «Будзесанід».
«Будзесанід», як і любы стэроідны сродак, мае выразны супрацьзапаленчы эфект. Пры мясцовым ужыванні эфектыўна ўдзейнічае на верхнія дыхальныя шляхі. Што немалаважна ў педыятрыі — не трапляе ў крывацёк, не ўдзейнічае на іншыя органы і тканкі. Звычайна прызначаюць яго ў выглядзе раствора ў ампулах для дадання ў небулайзер. Выдыхаць яго можна да 2000 мкг за раз (гэта чатыры ампулы па 50 мг). Але звычайна досыць 1-2 ампул, каб дзіцяці стала лягчэй. Калі ў малога ёсць схільнасць да ларынгаспазму, яго бацькі звычайна не супраць набыць небулайзер.
Калі ларынгаспазм здарыўся першы раз і небулайзера яшчэ няма, або калі 2000 мкг «Будзесаніда» не дапамаглі, трэба ехаць у бальніцу. Там зробяць укол дэксаметазону і дадуць падыхаць адрэналінам. Самім ні таго, ні іншага рабіць не варта, таму што праз недасведчанасць такімі сур'ёзнымі прэпаратамі можна моцна нашкодзіць.
Прыступ ларынгаспазму звычайна здараецца ў пачатку ВРВІ на фоне павышэння тэмпературы. Звычайна доўжыцца адну ноч, а далей мы лечым ВРВІ як ні ў чым не бывала. У гэтую ноч трэба зняць прыступ прахалодным вільготным паветрам і інгаляцыямі «Будзесаніда». Падчас наступнай ВРВІ гісторыя можа паўтарыцца. Як бы ні палохаў прыступ ларынгаспазму — ён не мае аддаленых наступстваў. Калі навучыцца эфектыўна здымаць такія прыступы, вы будзеце ставіцца да іх як да яшчэ адной складанасці дагляду за дзіцём.
Бацькам важна захоўваць спакой, каб не палохаць дзіця.
Такім чынам: ларынгаспазм выглядае страшней, чым ёсць на самай справе. Гэта праява звычайнай рэспіраторнай віруснай інфекцыі. Лечыцца як вірусная інфекцыя: парацэтамолам і багатым пітвом. Значна палегчыць стан можна з дапамогай інгаляцыі «Будзесанідам». Само пройдзе, калі дзіця стане больш дарослым.